Традыцыйная навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» пройдзе ў Беларусі з 11 снежня па 10 студзеня

Актуальное

Традыцыйная навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» пройдзе ў Беларусі з 11 снежня па 10 студзеня. Гэта маштабнае мерапрыемства праводзіцца ў рэспубліцы з 1995 года ў адпаведнасці з нацыянальнымі планамі дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў. Акцыя «Нашы дзеці» накіравана на аказанне дапамогі і падтрымкі дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і маюць патрэбу ў асаблівай увазе дзяржавы і грамадства. Падзяліцца з імі цеплынёй сэрцаў, акружыць клопатам і ўвагай — асноўная мэта мерапрыемстваў, што адбудуцца ў яе рамках.
У ходзе акцыі кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый і ўстаноў наведаюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем’і, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы і г. д. Удзельнікі акцыі павіншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі і ўручаць ім падарункі.
Самай яркай падзеяй акцыі традыцыйна стане навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі (запланавана на 27 снежня). На навагодні карнавал з удзелам Прэзідэнта краіны А. Р. Лукашэнкі збяруцца больш за 2 тысячы дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў з усіх рэгіёнаў краіны. Гэта — пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, выдатнікі вучобы, лідары дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, выхаванцы дзіцячых дамоў і сацыяльных прытулкаў, дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных, прыёмных і малазабяспечаных сем’яў і іншыя. Як і штогод пабываюць на галоўным дзіцячым свяце і шаркаўшчынскія школьнікі.
Шмат сюрпрызаў і незабыўных уражанняў чакаюць на абласным навагоднім свяце, якое наведаюць і юныя шаркаўчане.
У раёне адбудзецца традыцыйны пераднавагодні ранішнік для дзяцей-інвалідаў, сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў. Як і штогод, дзетак, якія не змогуць прыехаць на прадстаўленне, Дзед Мароз і Снягурачка павіншуюць дома і ўручаць падарункі. Прадстаўнікі шэфствуючых арганізацый, устаноў адукацыі з навагоднімі візітамі наведаюць сацыяльна-педагагічны цэнтр, дзяцей з няпоўных і нядобранадзейных сем’яў, а таксама прыёмных, апякунскіх і шматдзетных.
Ва ўсіх школах, дзіцячых садах, у многіх прадпрыемствах і арганізацыях пройдуць навагоднія ранішнікі. У раённым Доме культуры, сельскіх ДК і клубах адбудуцца святочныя прадстаўленні для дзяцей.
Людміла ЛАТЫШОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *