Па выніках рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў за 2023 год наш гарадскі пасёлак вызначаны пераможцай у чацвёртай катэгорыі.
Раённы цэнтр узнагароджаны пераходным вымпелам і грашовай прэміяй. За атрыманыя фінансавыя сродкі набылі садовы трактар для патрэб УКП ЖКГ.
— Новая тэхніка уяўляе сабой міні-трактар для скошвання газоннай травы, — кажа дырэктар прадпрыемства Аляксей Клакоўскі. — Агрэгат кітайскай вытворчасці, мае магутнасць рухавіка ў 9 конскіх сіл, аснашчаны бензабакам на 6 літраў, мяккім травазборнікам аб’ёмам 240 літраў. У трактары ёсць 7 узроўняў рэгуліроўкі вышыні скошвання траў.
Цэнтральны сквер на плошчы Леніна ў гарпасёлку раней скошвалі з дапамогай трымераў. Для выканання гэтай работы патрабавалася 6 чалавек. Цяпер у працэсе задзейнічаны адзін трактарыст. Новую тэхніку даручылі механізатару УКП ЖКГ Сяргею Рэдзіку (на здымку). Мужчына за некалькі гадзін выканаў работу па скошванні сквера.
— У далейшым за грашовыя сродкі, атрыманыя за перамогу ў рэспубліканскім аглядзе па добраўпарадкаванні, плануем усталяваць малыя архітэктурныя формы на вуліцах і плошчах Шаркаўшчыны, — паведаміла галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Наталля Цітовіч. — Зробім наш гарадскі пасёлак яшчэ больш прыгажэйшым і ўтульным.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.