Талент і майстэрства педагога

Новости Витебщины

Сапраўдныя педагогі ў сваю прафесію прыходзяць свядома, па прызванні сэрца, каб у далейшым сеяць у душах вучняў разумнае, добрае, вечнае.

Алеся Сікора (на здымку) належыць да той кагорты настаўнікаў, якія не проста выводзілі на шырокую дарогу жыцця выпускнікоў школ, а ўкладвалі ў кожнага трывалыя веды, выхоўвалі сапраўднымі патрыётамі сваёй радзімы.

Працоўны шлях будучага дырэктара школы пачаўся ў 1976 годзе з пасады старшай піянерважатай Станіславоўскай васьмігадовай школы. У 1982 годзе жанчына скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Горкага. Працавала ў раённым Доме піянераў і школьнікаў, у райкаме камсамола. Пэўны час Алеся Сікора выкладала гісторыю і грамадазнаўства ў Шаркаўшчынскай васьмігадовай школе. Значны перыяд жыцця быў аддадзены дзяржаўнай службе ў аддзеле адукацыі райвыканкама. А з 2002 года і да выхаду на заслужаны адпачынак жанчына ўзначальвала адну з лепшых навучальных устаноў раёна — сярэднюю школу № 2 гарадскога пасёлка.

Былыя калегі ведаюць Алесю Сікора, як ініцыятыўнага, адказнага кіраўніка і таленавітага арганізатара. Значную ролю ў сваёй рабоце яна адводзіла эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, гаспадарчай дзейнасці ўстановы адукацыі, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы, эстэтычнаму афармленню школы і прылеглай тэрыторыі. Сярэдняя школа № 2 неаднаразова ўзнагароджвалася ў раённых аглядах-конкурсах на лепшае ўтрыманне аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння. Навучальная ўстанова падтрымлівала цеснае супрацоўніцтва з арганізацыямі гарадскога пасёлка, сельгаспрадпрыемствамі раёна. З мэтай забеспячэння рэгіёну спецыялістамі рабочых прафесій у школе паспяхова ажыццяўлялася рэалізацыя абласных творчых праектаў, накіраваных на прафесійную арыентацыю школьнікаў з улікам рэгіянальных асаблівасцей.

За ўсім гэтым стаяла карпатлівая праца настаўніцкага і вучнёўскага калектываў, якімі кіравала Алеся Сікора, узнагароджаная ў 2014 годзе нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі»

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.