10 снежня адсвяткаваў свой 90-гадовы юбілей Генадзь Мацвеевіч Адамёнак. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, сумленны працаўнік, скрыпач-самавук, вядомы сваімі музычнымі здольнасцямі па ўсёй ваколіцы, і чалавек з добрай маладой душой. Свой юбілей ён адзначыў у сямейным коле ў Міёрах. Туды да дачкі Леакадзіі Генадзеўны і зяця Уладзіміра Мікалаевіча ён пераязджае жыць на зімовы перыяд са свайго роднага Каўшэлева.

А 12 снежня яго наведалі з віншаваннямі госці з Шаркаўшчыны. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец павіншаваў ветэрана з юбілеем, уручыў Ганаровую грамату і пажадаў добрага здароўя. А здароўе, як вядома, у такія паважаныя гады галоўнае. Трэба сказаць, што Генадзь Мацвеевіч для сваіх узросту трымаецца добра, захоўвае бадзёрасць, выходзіць на прагулкі, чытае прэсу і чакае надыходу вясны, калі можна будзе вярнуцца ў роднае Каўшэлева.
Вядома, юбіляру была прыемная такая ўвага, прыемна было ўбачыць людзей са свайго раёна. Генадзь Мацвеевіч перадаў праз раённую газету прывітанне сваім землякам.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.
