Яны з’яўляюцца прыкладам для маладога пакалення

Патрыятычнае выхаванне

У 1970-х—1980-х гадах у раёне налічвалася шмат ардэнаносцаў. Працаўнікі сельскай гаспадаркі і іншых галін атрымлівалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды.

Пражываюць такія людзі ў вёсцы Каўшэлева. Ірына Крышталевіч — адзіная ў раёне жанчына-механізатар. Большую частку жыцця яна прысвяціла тэхніцы. Працавала на трактарах Т-40, Т-25 у былым калгасе імя Фрунзе.

— У той час да мяне прыязджалі шматлікія карэспандэнты, — успамінае жанчына. — Фатаграфавалі, рыхтавалі газетныя публікацыі. За сваю працу ўдастоена ганаровай узнагароды — ордэна Працоўнай Славы ІІІ і ІІ ступеняў.

Віталь Туронак таксама працаваў у калгасе імя Фрунзе на трактарах розных марак.

— Скончыў Опсаўскае вучылішча механізацыі і вярнуўся ў родныя мясціны, — кажа Віталь. — Працаваў на колавых трактарах маркі «Беларус». Былі і гусенічныя ДТ-54, ДТ-75. Як і ўсе механізатары, выконваў розныя работы: апрацоўваў глебу, сеяў зерне, садзіў бульбу, буракі. У 1973 годзе мне ўручылі ордэн «Знак Пашаны», а праз пяць год — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Да таго ж у 1978 годзе перадавога механізатара за высокія вытворчыя паказчыкі падчас правядзення пасяўной кампаніі ўзнагародзілі матацыклам маркі «Каўровец».

Як адзначылі самі ардэнаносцы, было вельмі прыемна, што іх працу заўважылі і так высока ацанілі. Але найбольшае шчасце для іх — гэта сям’я, здаровыя дзеці, унукі і праўнукі, якія і з’ўляюцца сэнсам жыцця.

На свяце вёскі Каўшэлева Ірыне Крышталевіч і Віталю Туронку (на здымку) арганізатары мерапрыемства ўручылі памятныя сувеніры.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.