Будзе дастойная змена

Молодежь Сельское хозяйство

У час жніва каля камбайнаў ажыццяўлялі дзяжурства на аўтацыстэрнах пажарныя-выратавальнікі на выпадак ўзгарання тэхнікі. Некаторыя гаспадаркі абыходзіліся ўласнымі сіламі.

Як і ў мінулыя гады, у ААТ «Агратэхсэрвіс» на дзяжурстве быў задзейнічаны трактар «Беларус» МТЗ-82 аснашчаны цыстэрнай з вадой. Сёлета на ім працаваў студэнт трэцяга курса Гарадоцкага дзяржаўнага каледжа Арцём Хлышчанка (на здымку).

— У гэта сельгаспрадпрыемства я быў накіраваны на перыяд праходжання вытворчай практыкі, — кажа Арцём. — Працаваў з пачатку ўборачнай кампаніі і да 30 жніўня. Кіраўніцтва гаспадаркі даручыла мне дадзеную тэхніку. Трактар хоць і не новы, але за два месяцы працы на ім ні разу не сапсаваўся. На шчасце, не было і ўзгаранняў камбайнаў або іншай тэхнікі на палетках. У будучым годзе я заканчваю вучобу ў каледжы і атрымліваю спецыяльнасць «тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых машын». Праца ў ААТ «Агратэхсэрвіс» мне спадабалася, таму абавязкова вярнуся сюды дыпламаваным спецыялістам.

— Маладыя кваліфікаваныя кадры ў сельскай гаспадарцы заўсёды патрэбны, — сцвярджае дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Кавалёнак. — Расце дастойная змена тым, хто ідзе на заслужаны адпачынак.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.