Падарыць дзецям надзею

Актуальное

У рэдакцыю раённай газеты свой ліст даслала жыхарка гарадскога пасёлка, наша пастаянная чытачка Анна Мілянцей. Вось, што яна піша:
— Мы, прыхаджане царквы іконы “Усіх Смуткуючых Радасць” гарадскога пасёлка і царквы Раства Багародзіцы вёскі Лужкі, аднойчы распачалі збор грашовых сродкаў на дапамогу ў лячэнні хворых дзетак. Бо камусьці з іх пастаянна неабходна дапамога ў правядзенні паглыбленага медыцынскага абследвання ці аперацыі ў нашай краіне або за мяжой. Напярэдадні навагодніх свят, калі ўсе мы знаходзімся ў прадчуванні здзяйснення нейкага незвычайнага цуду, казкі, пастараемся не забыцца скарыстаць хаця б мізэрную магчымасць падарыць надзею на выратаванне жыцця хвораму дзіцяці. Паверце, кожны з нас можа знайсці час, каб ў выхадны дзень разам са сваёй сям’ёй адправіцца на богаслужэнне ў царкву, ахвяраваць невялікую грашовую суму на дабрачыннасць. Там заўсёды ёсць з інфармацыя, якому хвораму дзіцяці будуць пералічаны грошы за бягучы тыдзень. Вы таксама можаце даведацца пра дзяцей, якім грашовыя сродкі на лячэнне пералічваліся раней.
Веруючыя людзі ведаюць, што акрамя клопатаў па сустрэчы і правядзенні навагодніх свят, гэты час адметны прытрымліваннем посту напярэдадні Нараджэння Хрыста. Галоўнае зараз не тое, што чалавек абмяжоўвае сябе ў спажыванні некаторых прадуктаў харчавання, а тое, што кожны з нас павінен навучыцца бачыць не толькі сябе, жыць не толькі для сябе, а ў першую чаргу для сваіх родных і блізкіх, дарагіх свайму сэрцу людзей.
Напрыканцы ў гэтыя перадсвяточныя дні жадаю ўсім любові, каб яна жыла ў сэрцы кожнага! З надыходзячым вас Новым Годам і Нараджэннем Хрыстовым!
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *