У наш час зрэдку сустрэнеш чалавека, які дасягнуў паважанага ўзросту, нягледзячы на складаныя жыццёвыя цяжкасці і выпрабаванні.
Жыхарка вёскі Папкі Ганна Вязіцкая нарадзілася ў 1934 годзе.
— Мне было два годзікі, як не стала маці, — успамінае жанчына. — Прыехала цёця з Рыгі і гадавала мяне. — Цяжка ёй было, але я вельмі за гэта ўдзячна свайму роднаму чалавеку.
Жанчына памятае часы ваеннага ліхалецця. Назаўсёды ў памяці застаўся дзень, калі тата Фёдар вярнуўся з фронту — радасць, што застаўся жывы, была бязмежнай. Падлеткам Ганна працавала, каб дапамагчы сям’і, бо пасляваенны перыяд быў складаным — спаленыя вёскі, разбураная гаспадарка, жабракі, якія хадзілі па населеных пунктах і прасілі падзяліцца хлебам.
Усю працоўную частку жыцця Ганна прысвяціла жывёлагадоўлі. Уручную даіла статак з пятнаццаці кароў у калгасе «Маяк», потым была аператарам па адкорме буйной рагатай жывёлы ў гэтым жа сельгаспрадпрыемстве. З мужам Міледзіем, які працаваў механізатарам, выхавалі трох дочак, вывелі іх на шырокую дарогу жыцця.
— Сям’я ў мяне вялікая, — прадаўжае жанчына. — Дзесяць унукаў і адзінаццаць праўнукаў. Калі ў дзень майго юбілею сабраліся за святочным сталом, ледзве хапіла месца. Родныя людзі з’яўляюцца для мяне апорай у жыцці. Дзякуючы ім і жыву на гэтым свеце: з радасцю сустракаю усход сонейка, дзякую Богу за кожны пражыты дзень.
Павіншаваць Ганну Вязіцкую з 90-годдзем завіталі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат, старшыня Германавіцкага сельвыканкама Мая Якімовіч і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Агратэхсэрвіс» Яся Краснікава. Словы сардэчных пажаданняў гучалі з вуснаў гасцей, якія ўручылі юбіляру падарункі і букеты прыгожых кветак.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

