Інфармацыйна-прапагандысцкая група сустрэлася з жыхарамі аграгарадка Буеўшчына

Общество

Стала звыклым чуць, што асновамі моцнай дзяржавы з’яўляюцца стабільная эканоміка, развітыя інстытуты ўлады, адладжаны праваахоўны апарат для падтрымання спакою ў краіне.

Але як паказвае жыццё, не меншае значэнне для будаўніцтва моцнай дзяржавы адыгрывае сям’я, тое выхаванне, якое ў ёй атрымлівае чалавек.

У межах адзінага дня інфармавання насельніцтва інфармацыйна-прапагандысцкая група ў складзе старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргея Арэшкава, начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, старшыні раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Людмілы Стома і старшыні Іёдскага сельвыканкама Івана Пачкоўскага сустрэлася з жыхарамі аграгарадка Буеўшчына.

— Тэмай нашай сустрэчы з’яўляецца «Сямейнае выхаванне як аснова моцнай дзяржавы». У гэты перыяд адзначаюцца Дзень маці, тыдзень бацькоўскай любові, Дзень бацькі. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што ў нашай краіне сямейным каштоўнасцям надаецца вялікая ўвага. На гэтым пастаянна акцэнтуе ўвагу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, — паведаміла Людміла Стома.

Старшыня дэпутацкага корпуса раёна Сяргей Арэшкаў расказаў аб важнасці традыцыйных каштоўнасцей у фарміраванні моцнай дзяржавы.

— Наша краіна максімальна арыентуецца на класічную сям’ю, у якой выхоўваюцца дзеці, як на надзейную апору суверэннай дзяржавы. Адсюль вынікае, што зберажэнне традыцыйных сямейных каштоўнасцей — адзін са стратэгічных нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў.

У другой частцы сустрэчы прысутныя мелі магчымасць задаць членам інфармацыйна-прапагандысцкай групы пытанні. Жыхары Буеўшчыны папрасілі разгледзець магчымасць размяшчэння ў аграгарадку дадатковага аўтобуснага прыпынку ў напрамку горада Браслаў. Таксама іх непакоіць станы узбочыны аўтамабільнай дарогі. Як вядома, веласіпедыстам забараняецца рухацца па праезнай частцы, але па ўскрайку, дзе насыпаны гравій буйной фракцыі, ехаць на двухколавым транспартным сродку зусім немагчыма.

У адной з прысутных жанчын у жылым доме патрэбна замяніць сістэму ацяплення. Дарэчы, жыллё знаходзіцца на балансе ААТ «Буеўшчына». Жанчына набыла новы ацяпляльны кацёл, за які заплаціла ўнушальную грашовую суму. Яна звярнулася з пытаннем магчымасці частковай фінансавай кампенсацыі за пакупку, бо жыве адна і фінансавыя магчымасці ў яе абмежаваныя. Сяргей Арэшкаў даў даручэнне кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства дэталёва разабрацца ў гэтай сітуацыі, каб вырашыць праблему.

Прысутных хвалюе праблема адсутнасці ў паліклінічным адзяленні цэнтральнай раённай бальніцы спецыяліста па пратэзаванні зубоў. Сяргей Арэшкаў растлумачыў, што над вырашэннем гэта пытання працуе кіраўніцтва ЦРБ.

Напрыканцы мерапрыемства Людміла Стома ад імя раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» уручыла членскі білет дырэктару ААТ «Буеўшчына» Аляксандру Пяткевічу.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.