Жывёлаводы адкрытага акцыянернага таварыства «Княж» на пастаяннай аснове знаходзяцца ў пераможцах і прызёрах раённага працоўнага спаборніцтва.

Сельское хозяйство

 

Верасень не стаў выключэннем. За мінулы месяц лідарам сярод аператараў па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы (звыш трох месяцаў) сталі Вольга Красоўская і Аляксандр Зінкевіч, якія працуюць на малочнатаварнай ферме «Сталіца». Сярэднясутачная прывага ў іх гурце склала 720 грамаў. А гэта лепшы паказчык у раёне. Шмат перадавікоў жывёлагадоўлі працуюць на малочнатаварнай ферме «Германавічы». У іх ліку аператар машыннага даення Ірына Андзілеўка, якая сёлета была ўдастоена ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны». Разам з ёй працуе Людміла Захарэвіч, якая таксама паказвае высокія вытворчыя паказчыкі па надоях малака. Чытачам нашай газеты добра вядомы імёны сямейнай пары жывёлаводаў Аляксандра і Людмілы Абрамчыкаў — перадавых работнікаў МТФ «Германавічы».

Нядаўна мы пазнаёміліся яшчэ з адным аператарам машыннага даення Аленай Кенда (на здымку). Імя гэтай даяркі ў зводцы перадавікоў з’явілася ўпершыню.

Алена працуе на МТФ «Германавічы» з 2007 года. А гэта немалы перыяд, каб набыць прафесійны вопыт.

— Наш калектыў зладжаны і сяброўскі, — кажа жанчына. — Працуем разам, стараемся дасягаць высокіх вытворчых паказчыкаў у сваёй рабоце. Яно і вядома, бо ад якасці атрыманага малака залежыць наш заробак. У маім гурце налічваюцца 59 кароў. За мінулы месяц валавы надой склаў 32 тоны малака. У сярэднім ад адной каровы я змагла атрымаць 604 кілаграмы гэтага якаснага прадукта харчавання. 9 кастрычніка статкі буйной рагатай жывёлы з пашавага ўтрымання пераведзены на зімова-стойлавае. Змяніўся рацыёй кармлення. Дарэчы, сёлета наша гаспадарка нарыхтавала сенажу, сена і сіласу звышпланава. Канцэнтраты таксама заўсёды ёсць у наяўнасці. Значыць чарговыя працоўныя перамогі яшчэ наперадзе, будзем да гэтага імкнуцца.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.