Ён трамбуе і не сумуе

Общество Сельское хозяйство

Падчас корманарыхтоўчых работ, якія у гаспадарках амаль завяршыліся, неаднаразова на закладцы сянажных траншэй бачыў працу механізатара Пятра Грыгор’ева (на здымку) з ААТ «Княж».

Пагрузчык «Амкадор» ва ўмелых руках вопытнага трактарыста заўсёды рухаецца па правільна зададзенай траекторыі, бо працэс трамбоўкі сенажу або сіласу даволі складаны.

— На такой тэхніцы працую шмат год, — паведаміў Пётр. — На кіраванне пагрузчыкам патрэбна адпаведная катэгорыя ў вадзіцельскім пасведчанні трактарыста. Да таго ж раўнаванне і трамбоўка здрабнёнай масы павінны адпавядаць існуючым патрабаванням. Трамбоўку праводзім і ў начны час сутак, каб не сапсавалася зялёнка, і корм для жывёлы не страціў сваіх пажыўных якасцей.

У гаспадарцы працэсам трамбоўкі на аналагічнай тэхніцы займаўся і механізатар Ігар Якушаў. Два трактарысты былі занятыя корманарыхтоўкай з мая па кастрычнік. Дзякуючы такім працаўнікам закладзена трывалая кармавая база на зімова-стойлавы перыяд утрымання жывёлы.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.