Раённы камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу заўсёды надае пільную ўвагу не толькі бяспечным умовам працы, але і на пастаяннай аснове заахвочвае аграрыяў.
У адзін з кастрычніцкіх дзён мы накіраваліся на палеткі ААТ «Жвіранка». У аддзяленні Каўшэлева, паблізу вёскі Барсучына, працавала тэхніка сельгаспрадпрыемства: вялося ўзворванне і культывацыя глебы. Перадавы механізатар гаспадаркі Алег Андруковіч на энерганасычаным трактары «Беларус» МТЗ-3522 у счэпе з васьмікорпусным абаротным плугам займаўся ўздымам зябліва. На некалькі хвілін ён спыніў тэхніку, каб пагутарыць са старшынёй прафсаюза работнікаў АПК Аляксандрам Гернатам.
Пытанні аховы працы ў ААТ «Жвіранка» знаходзяцца пад кантролем пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сельгаспрадпрыемства. Механізатарам выдаецца спецадзенне, абутак. Клапоціцца грамадская арганізацыя і пра харчаванне работнікаў.
У «Жвіранцы» разам з бацькам Алегам Андруковічам механізатарам працуе і яго сын Аляксандр, які палюбіў маленькую радзіму, не прамяняў вясковае жыццё на гарадское. А шчыруе ён на трактары «Кіравец» К-744. Аляксандр Гернат падзякаваў Алегу Андруковічу за выхаванне сына і ўручыў трактарысту торт з нагоды свята — Дня бацькі. Вось такі незвычайны, але вельмі прыемны сюрпрыз ад прафсаюза чакаў перадавога механізатара прама ў полі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.