У кожным сельгаспрадпрыемстве ёсць работнікі, якія ствараюць асноўны касцяк перадавікоў. Маюцца яны і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі, і сярод інжынерна-тэхнічнага складу.
Адкрытае акцыянернае таварыства «Княж» — адна з нямногіх гаспадарак, дзе шчыра і самааддана працуюць ва ўсіх галінах сельгасвытворчасці. Падчас пасяўной кампаніі, корманарыхтоўчых работ, жніва свой уклад у эканамічнае развіццё арганізацыі ўносяць дзясяткі чалавек. Ёсць сярод іх і моладзь, і прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але плённай працай ствараюць дабрабыт гаспадаркі.
Гэта цалкам адносіцца да механізатараў Аляксея Парчынскага і Сцяпана Канюшэўскага (на здымку). Сярод іншых мужчыны вылучаюцца ветлівасцю, стараннымі адносінамі да працы. Аляксей — прадстаўнік маладога пакалення механізатараў, Сцяпан — вопытны і надзейны трактарыст, якому кіраўніцтва гаспадаркі даручае выконваць любую работу, звязаную з апрацоўкай зямлі. З ранняй вясны і да позняй восені іх трактары заўсёды ў полі. Кожны разумее, што без карпатлівай працы нельга стварыць і ўласны дабрабыт, і падтрымліваць эканамічныя паказчыкі сельгаспрадпрыемства на належным узроўні.
Ужо зусім хутка скончацца палявыя работы і механізатары зоймуцца рамонтам трактароў, прычапных агрэгатаў. У механічных майстэрнях закіпіць работа па падрыхтоўцы тэхнікі да вясенне-палявых работ.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.