Добрыя, спагадлівыя адносіны заўсёды застаюцца ў людской памяці. Гэта сведчыць аб тым, што свой жыццёвы шлях ён пастроіў належным чынам.
Да такіх людзей адносіцца наш зямляк Вінцэнт Давыдзёнак — ветэран працы, былы кіраўнік аддзела па аказанні страхавых паслуг па Шаркаўшчынскаму раёну прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Глыбоцкаму раёну. Нядаўна мужчына сустрэў юбілей.
Нарадзіўся Вінцэнт у вёсцы Сталіца. У маладосці, пасля тэрміновай службы ў Савецкай Арміі, вырашыў пабачыць неабдымныя прасторы былога СССР. Непрацяглы час жыў у Южна-Сахалінску, працаваў на цеплаэлектрацэнтралі. Рамантыка — рамантыкай, але ўсё ж родныя мясціны, якія Вінцэнт часта бачыў у снах, настальгічна звалі дадому. Вярнуўшыся на бацькаўшчыну, паступіў на навучанне ў Беларускі політэхнічны інстытут, дзе атрымаў кваліфікацыю інжынера-механіка.
З 1983 года працоўная дзейнасць Вінцэнта Давыдзёнка звязана з Шаркаўшчынскім раёнам. У гарадскім пасёлку ён займаў пасаду старшага інжынера райсельгасхіміі. Кіраўніцтва раёна, убачыўшы добрыя арганізатарскія здольнасці маладога спецыяліста, прызначыла яго інструктарам арганізацыйнага аддзела райкама кампартыі. Затым некаторы час мужчына працаваў у дарожна-будаўнічым упраўленні № 26. У якасці механіка сачыў за спраўным станам тэхнікі. У сярэдзіне 1990-х гадоў Вінцэнт зноў вяртаецца ў райвыканкам на кіруючую пасаду — узначальвае арганізацыйна-кадравы аддзел. Апошнія пятнаццаць год яго працоўнай дзейнасці прайшлі ў калектыве Белдзяржстраху. Усе работнікі арганізацыі з цеплынёй успамінаюць былога кіраўніка, які клапаціўся не толькі пра выкананне ўсіх вытворчых паказчыкаў установы, але і пра кожнага свайго падначаленага.
У юбілейны дзень нараджэння са знакавай датай у жыцці Вінцэнта Давыдзёнка павіншаваў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Ваілеўскі. Ён уручыў імянінніку Падзяку кіраўніка раёна за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у станаўленне і развіццё Шаркаўшчынскага раёна, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Да віншаванняў далучыліся начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама Валянціна Клімза і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Міхалёнак.
— Найбольшай узнагародай для мяне з’яўляецца павага і ўдзячнасць жыхароў раёна, якія мелі і маюць дачыненне да да страхавання, і якім я стараўся аказваць падтрымку, прафесійную і своечасовую дапамогу, — сказаў Вінцэнт Давыдзёнак.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

