Перадавікі аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны сабраліся разам у старажытным Полацку на абласным свяце-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі—2024».
Лепшыя хлебаробы паўночнага рэгіёну краіны атрымалі заслужаныя ўзнагароды за сваю нялёгкую, але ганаровую і пачэсную справу — вырошчваць хлеб, ствараць харчовую бяспеку краіны.
Як падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, нашы аграрыі — самыя сапраўдныя патрыёты. Яны заўсёды працуюць і робяць усё магчымае для Радзімы.
Удзел у абласным форуме прынялі і шаркаўчане на чале са старшынёй райвыканкама Дзмітрыем Ламака. Самааданая праца нашых землякоў адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Вадзіцель прадпрыемства меліярацыйных сістэм Генадзь Палілейка атрымаў Падзяку прэм’ер-міністра краіны. Трактарыст-машыніст ААТ «Ельня-Агра» Андрэй Удобкін узнагароджаны Падзячным пісьмом абласнога выканаўчага камітэта. Трактарысту-машыністу КУВСП імя Маркава Дзмітрыю Качану ўручаны сертыфікат на санаторна-курортнае лячэнне ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Святочную атмасферу «Дажынак» стваралі падвор’і раёнаў, размешчаныя на праспекце Францыска Скарыны. Тут жадаючыя маглі набыць харчовыя тавары, памятныя сувеніры. Сваім хараством, шырокім асартыментам уласна прыгатаваных страў, вырабам народных майстроў вылучалася падвор’е Шаркаўшчынскага раёна. Палачане і госці горада слухалі песні нашых землякоў, разам з музыкамі пускаліся ў вясёлыя скокі. Многія рабілі здымкі ў тэматычных фотазонах.