На першае месца працы ў ААТ «Ельня-Агра» прыйшоў Яўген Шарак

Молодежь Общество

Першае месца працы для кожнага чалавека ў вялікай ступені з’яўляецца лёсавызначальным на наступныя гады. Адны спецыялісты затрымліваюцца на працяглы перыяд, некаторыя шукаюць лепшай долі ў іншых арганізацыях.

Яўген Шарак (на здымку) — карэнны шаркаўчанін. Пасля заканчэння сярэдняй школы атрымаў вышэйшую адукацыю ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Калі паўстала пытанне выбару першага месца працы, не раздумваючы адправіўся ў ААТ «Ельня-Агра», дзе быў прызначаны на пасаду ветэрынарнага ўрача. І не памыліўся, бо ў сельгаспрадпрыемстве не хапае кваліфікаваных работнікаў. Яўген атрымаў ад гаспадаркі жыллё, як маладому спецыялісту яму выплацілі грашовую дапамогу. Акрамя асноўнага заробку ён атрымлівае дадаткова штомесяц адну тысячу рублёў.

Добразычлівыя адносіны з адміністрацыяй сельгаспрадпрыемства, сяброўскі клімат у працоўным калектыве спрыяюць зладжанай рабоце, дзе Яўген прыкладае максімум намаганняў, каб дасягнуць станоўчых вынікаў.

— Жывёлу трэба разумець, — кажа малады спецыяліст. — Чалавек у выпадку хваробы можа сказаць, дзе і што яму баліць, а тут наадварот — трэба на практыцы рэалізоўваць тэарэтычныя веды, набытыя ў акадэміі, самому пакрысе набываць вопыт, каб стаць добрым работнікам, сваёй працай прыносіць карысць калектыву.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.