У машынна-трактарным парку адкрытага акцыянернага таварыства «Ельня-Агра» маюцца тры грузавыя аўтамабілі. Кожны дзень іх вадзіцелі спяшаюцца ў рэйсы.
Раніцай Іван Пажарскі разам з іншымі работнікамі крочыць у дыспетчарскую, каб атрымаць пуцявы ліст і чарговае працоўнае заданне. Мужчына, у асноўным, выконвае рэйсы па гаспадарцы. Вясной дастаўляе на палі насенне зерневых культур. У час касавіцы заняты на адвозе зялёнкі. Калі наступае жніво — перавозіць зерне ад камбайнаў. У час зімова-стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы Іван падвозіць кармы на жывёлагадоўчыя фермы.
— Мой ЗіЛ-131, на якім я працую, заняты ў працоўным працэсе амаль кожны дзень, — кажа мужчына. — Транспартных работ у сельгаспрадпрыемстве хапае заўсёды, таму стараюся падтрымліваць аўтамабіль у спраўным стане.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

