На ўліку ў таварыстве паляўнічых і рыбаловаў зарэгістраваны 131 паляўнічы і 97 рыбаловаў-аматараў

Охрана природы Турызм

Разнастайнасць, багацце жывёльнага і расліннага свету Беларусі прываблівае не толькі нашых суайчыннікаў, але і замежных грамадзян.

У дакавідны перыяд палюбавацца ўнікальнай прыродай і дабыць жаданы трафей да нас актыўна прыязджалі паляўнічыя з Расіі, Аўстрыі, Іспаніі, Германіі, краін Прыбалтыкі, Італіі. Цяпер пераважаюць паляўнічыя з Расійскай Федэрацыі.

— Агульная плошча паляўнічых угоддзяў, якія арандуюцца Шаркаўшчынскай раённай арганізацыйнай структурай РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў», складае 73,8 тысячы гектараў, з іх пакрыта лесам — 20, 8 тысяч га, — тлумачыць вядучы паляўніцтвазнаўца, выконваючы абавязкі дырэктара арганізацыі Уладзімір Капашынаў. — Прырода шчодра адарыла Шаркаўшчынскі раён багатымі лясамі, якія займаюць 19 працэнтаў тэрыторыі. Па апошніх падліках тут маецца 98 асобін цецярука, 235 — лося, 165 — высакароднага аленя, 600 — казулі, бабра — 265, барсука — 30, мядзведзя — 5, рысі — 15, воўка — 5.

На ўліку ў таварыстве паляўнічых і рыбаловаў зарэгістраваны 131 паляўнічы і 97 рыбаловаў-аматараў.

Праз раён з захаду на ўсход працякае прыгожая рака Дзісна з прытокамі Быстрыца, Галбеіца, Янка, Бярозаўка, Мнюта. Таму паляванне і рыбалка для шаркаўчан не проста захапленне, а крыніца натхнення.

На пяці паляўнічых дачах Шаркаўшчынскага БТПР, замацаваных за калектывамі, актыўныя члены таварыства ўносяць уклад у добраўпарадкаванне тэрыторый: засяваюць падкормачныя палі аўсом і рапсам, ладзяць саланцы і кармушкі з сенам, будуюць паляўнічыя вышкі. Актыўным паляўнічым пры пэўным ладзе вядзення біятэхнічных мерапрыемстваў і паляпшэнні кармавых і ахоўных умоў для дзічыны ў замацаваных за імі ўгоддзях, даюцца льготныя пуцёўкі на паляванне.

Таварыства дае поўны пакет паслуг па арганізацыі і правядзенні палявання на тэрыторыі гаспадаркі ад выдачы пуцёвак на права ўдзелу ў паляванні і заканчваючы апрацоўкай трафея. Для замежных грамадзян прадугледжана аказанне дапамогі ў афармленні дакументаў па ўвозе і вывазе зброі і сабак.

Пасадзейнічае развіццю паляўнічага турызму падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Указ № 420, якім карэкціруюцца Правілы палявання і Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі.

Асноўныя яго палажэнні ўступяць у сілу праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання. Затым можна будзе паляваць на рысь, мядзведзя ў асобым рэжыме, які дазволіць кантралюема рэгуляваць іх колькасць на аснове планаў кіравання, якія распрацоўвае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота прадастаўлена Шаркаўшчынскім БТПР.