Мала хто ведае, што ў 1970-х гадах у рэдакцыі раённай газеты «Кліч Радзімы» карэспандэнтам, адказным сакратаром працаваў Расціслаў Мележ — родны брат народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.
Нам надарылася магчымасць сустрэцца з дачкой Расціслава Інэсай Савельевай, якая жыве і працуе ў Шаркаўшчыне. Жанчына згадзілася на гутарку пра бацьку.
— Дзіцячая памяць захавала абрывістыя ўспаміны пра тату, — кажа Інэса. — Наша сям’я жыла ў Мінску. Не памятаю, у якім годзе тату перавялі ў Шаркаўшчыну на працу ў рэдакцыю раённай газеты. Сям’і выдзелілі кватэру ў цэнтры гарадскога пасёлка. Маці ўладкавалася на працу на камбінат бытавога абслугоўвання, а мы з малодшым братам Барысам хадзілі ў дзіцячы сад.
Расціслаў Мележ ствараў адмысловыя публікацыі, якія размяшчаліся на старонках раённай газеты. У сваіх артыкулах ён закранаў тэмы чалавечых узаемаадносін, яго цікавілі жыццё і праца звычайных людзей. Многія шаркаўчане станавіліся прататыпамі герояў матэрыялаў Расціслава Мележа.
— Памятаю, як тата падчас размовы са сваім калегам Фамой Рамашкам часта абмяркоўвалі разнастайныя тэмы для напісання будучых публікацый, — прадаўжае Інэса. — Мы, дзеці, тады не разумелі, аб чым ідзе размова, але ганарыліся, што нашы бацькі працуюць карэспандэнтамі.
Штат супрацоўнікаў рэдакцыі ў той час быў вялікім. Расціслаў Мележ з’яўляўся аўтарам сатырычнай насценнай газеты пад назвай «Цяп-Ляп». У ёй журналіст адлюстроўваў хібы і памылкі, дапушчаныя работнікамі ў час напісання матэрыялаў. Дарэчы, у выданні змяшчаліся і карыкатуры, намаляваныя аўтарам. Гэта з жартам успрымалі калегі і не крыўдзіліся на таленавітага чалавека.
Зямны шлях Расціслава Мележа завяршыўся ў 2001 годзе. Невылечная хвароба аказалася мацней за прагу да жыцця. Але нават на бальнічным ложку ён прадаўжаў пісаць, стараўся быць падобным на свайго брата Івана — класіка беларускай літаратуры.
У сямейным архіве Інэса захоўвае рукапіс невыдадзенай аповесці таты «Возвращенец. Последние щедроты лета». На пажоўклых старонках захаваліся не толькі літары выразнага почырку, але і глыбокі сэнс, які аўтар змог укласці ў адзін з апошніх сваіх твораў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

