Малыя эпізоды вялікай вайны: у віхуры страшных саракавых гадоў (выпуск 5)

Общество Патрыятычнае выхаванне

Сёлета ў краіне адзначаецца знакавая дата — 80-годдзе вызвалення  рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтай падзеі папярэднічала жорсткая барацьба беларускага народа з гітлераўскімі захопнікамі, якая працягвалася больш трох гадоў. За светлую будучыню разам з нашымі суайчыннікамі змагаліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцей былога Савецкага Саюза. Сваімі гераічнымі подзвігамі яны здабылі для нас доўгачаканую перамогу.

Пачатак акупацыі

Праз мястэчка Германавічы, з боку Шаркаўшчыны, бесперапыннымі калонамі рухаліся нямецкія войскі, яны імкнуліся на ўсход. Баявых дзеянняў у час наступлення захопнікаў амаль не вялося. З першага дня акупацыі ў цэнтры вёскі на слупах расклейваліся распараджэнні немцаў, у якіх ад мясцовага насельніцтва патрабавалася падпарадкоўвацца новай уладзе, здаць зброю, радыёпрыёмнікі і веласіпеды. Жыхарам катэгарычна забаранялася перамяшчацца без пісьмовага дазволу. За невыкананне патрабаванняў пагражалі расправай.

Асобная старонка ў гісторыі Германавіч — генацыд у дачыненні да яўрэйскага насельніцтва. У гісторыка-краязнаўчым музеі мясцовай сярэдняй школы захоўваецца карта-схема даваеннай вёскі, складзеная Францішкам Кунцэвічам. На ёй абазначаны месцы пражывання яўрэйскіх сем’яў, устаноў, месцы падзей, звязаныя з гісторыяй таго часу.

Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў Германавічах пражывала каля 300 яўрэяў, дзейнічалі дзве сінагогі. У даваенны час храмы былі яшчэ і школамі. Пасля акупацыі мястэчка ворагам яўрэйскае насельніцтва пазбаўлялася ўсялякіх правоў. Для іх пражывання было вызначана спецыяльнае месца — гета. Яўрэям было загадана ў абавязковым парадку насіць на грудзях нашытыя шасцівуголныя жоўтыя зоркі. Насельніцтва павінна было даносіць нямецкай уладзе пра ўсіх падазроных асоб. Яўрэі, якія засталіся ў мястэчку, жылі ў пастаянным страху, бо немцы праследавалі іх.

Жорсткія расправы

У жніўні 1941 года ў Германавічах затрымалася нямецкая вайсковая часць. Яе камандзір патрабаваў сабрацца на мясцовым кірмашы ўсім жыхарам вёскі. Па загадзе мужчынам-яўрэям трэба было разабраць сінагогу да падмурка, а маёмасць храма спаліць на цэнтральнай плошчы. Не выканаць гэты жорсткі загад яўрэі не маглі, бо побач былі іх дзеці, жонкі, бацькі. Ім пагражала пакутніцкая смерць.

Нямецка-фашысцкія захопнікі не мелі цёплай вопраткі. З набліжэннем халадоў гітлераўцы запатрабавалі ў яўрэяў прынесці ім ўсе футры, кажухі, армякі, якія былі ў наяўнасці. Пасля карнікі жорстка збілі людзей і загадалі ім паўзці, сцякаючы крывёю. Абяссіленых пагрузілі ў аўтамашыны і адправілі ў бок вёскі Лужкі. На наступны дзень у мястэчку даведаліся, што палонных расстралялі.

Гісторыя яўрэяў з Германавіч закончылася 17 лістапада 1942 года. Хтосьці падпаліў будынак валасной управы, які згарэў дашчэнту. Рэакцыя немцаў была хуткай: у ноч з 16 на 17 лістапада з’явіліся атрады эсэсаўцаў. Яны сагналі жыхароў мястэчка на цэнтральную плошчу. Яўрэі знаходзіліся асобна. Некаторыя з іх рабілі спробы збегчы, але былі расстраляны, астатніх немцы забілі палкамі.

Прага свабоды

У чэрвені 1944 года, за месяц да прыходу Чырвонай арміі, немцы вырашылі ачысціць Дзісненскі раён ад партызан. Карным атрадам колькасцю 300 чалавек, які дзейнічаў у Германавічах, камандаваў хтосьці Вітвіцкі. Народныя мсціўцы вымушаны былі адступаць у казянскія лясы. Ішлі праз балота Ельня па топкай сцежцы. Першапачаткова планавалася трапіць у вёску Белы Двор. Карнікі акружылі партызанскі атрад. Камандаванне вырашыла атакаваць немцаў і з баямі выйсці з акружэння. Нягледзячы на вялікія страты, народныя мсціўцы прарвалі варожае кола.

З успамінаў партызана Фёдара Маляванкіна: «На балоцістым востраве заставацца было нельга, бо там немагчыма манеўраваць і схавацца ад ворага. Да берага было прыкладна сем кіламетраў. Сілы ў нас хапала для штурму нямецкіх пазіцый на ўскрайку балота. Немцы перыядычна стралялі з кулямётаў, але мы ішлі наперад. Дазоры карнікаў убачылі нашу калону на самай цяжкапраходнай мясцовасці. Праціўнік адкрыў агонь. Мы з цяжкасцю дабраўшыся да ўскрайка балота, з боем захапілі варожы лагер, дзе былі тры пушкі, лёгкі танк і палявая кухня».

У далейшым партызаны рушылі ў напрамку аўтадарогі Новы Пагост—Міёры. На шляху прымалі баі з невялікімі фашысцкімі гарнізонамі, якія дыслацыраваліся амаль у кожнай вёсцы.

Партызанскі сувязны

Уладзіміру Слабовічу было сем год, калі вораг ступіў на яго родную зямлю. Хлопчык жыў з бацькамі ў вёсцы Пішчалёўка, на ўскрайку балота Ельня. Тэрыторыя кантралявалася партызанамі. Валодзя пры неабходнасці з’яўляўся сувязным народных мсціўцаў. Прыносіў ім з аптэкі лекі, якія падшываліся пад каўнер. Справа па дастаўцы медыкаментаў з’яўлялася рызыковай, кожны чарговы паход за лекамі мог стаць апошнім. У чэрвені 1944 года жыхароў Пішчалёўкі сіллю выгналі ў суседнія Германавічы, а саму вёску спалілі. Людзі знаходзіліся за металічнай агароджай побач з касцёлам. Харчаванне адсутнічала, вады таксама не давалі. Ясна было адно — хутка ўсіх расстраляюць. Адна з жанчын, якая прыслужвала ксяндзу ў касцёле, папрасіла святара, каб той замовіў слова за палонных жыхароў Пішчалёўкі. Карнікі пайшлі на ўступкі і не пакаралі смерцю нявінных людзей.

30 чэрвеня праз Германавічы прайшлі чырвонаармейцы. Стаяла цёплае, сонечнае надвор’е. Уладзіміру запомніўся выпадак, як перад налётам варожых самалётаў савецкія зенітчыкі пяклі бліны, спявалі песні. Адзін са снарадаў, які выпусціў бамбардзіроўшчык, упаў побач з чырвонаармейцамі, на вачах Валодзі асколак трапіў у гармонік.

Пасля вайны Уладзімір Слабовіч скончыў школу, потым будаўнічы тэхнікум у Полацку, Мінскі політэхнічны інстытут. Працаваў у галіне будаўніцтва Шаркаўшчынскага раёна. Працяглы час з’яўляўся старшынёй раённага Савета ветэранаў, сустракаўся з вучнямі школ, расказваў моладзі пра гераічнае мінулае нашых землякоў, якія ў жорсткай барацьбе адстаялі мір і свабоду.

Праект падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.