Шаркаўшчынскі раён электрычных сетак забяспечвае надзейнае электразабеспячэнне спажыўцоў па ўсім раёне

Общество

У сучасным свеце без электрычнасці цяжка ўявіць працу вытворчых і сацыяльных аб’ектаў. Таму работа спецыялістаў дадзенай сферы вельмі важная і неабходная кожнаму з нас.

Шаркаўшчынскі раён электрычных сетак забяспечвае надзейнае электразабеспячэнне спажыўцоў па ўсім раёне. Спецыялісты працуюць якасна, хутка і надзейна. Яны кругласутачна, у любое надвор’е, нясуць святло, цяпло і ўтульнасць у дамы нашых землякоў.

— На балансе прадпрыемства налічваецца 1300 кіламетраў паветраных і кабельных сетак напружаннем 0,4—10 кілавольт, 6 падстанцый напружаннем 35—110 кілавольт, 430 трансфарматарных падстанцый напружаннем 10 кілавольт, — кажа начальнік Шаркаўшчынскага РЭСа Уладзімір Фёдараў. — Сёлета мы праводзім рэканструкцыю 7 кіламетраў сетак напружаннем 0,4—10 кілавольт. Дадзены від работ выкананы на вуліцы Дзіўнай у вёсцы Гарадзец, на вуліцы Савецкай у аграгарадку Германавічы, заканчваецца на вуліцах Баговіча, Маркава і Піянерскай у Радзюках і Більдзюгах. Уласнымі сіламі выканана замена провада на вуліцы Паркавай у райцэнтры, на вуліцах Драздовіча і Дзярабіна ў Германавічах, а таксама ў аграгарадку Наваселле, вёсках Зорка, Зямцы.

Насельніцтва актыўна звяртаецца за атрыманнем дазволу на выкарыстанне электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння. На дадзеныя мэты за 11 месяцаў выканана 140 комплексных паслуг па падключэнні электраўстановак грамадзян.

Самай галоўнай каштоўнасцю, як і на любым прадпрыемстве, з’яўляюцца людзі. Калектыў РЭСа налічвае 62 кваліфікаваныя работнікі. Брыгада ў складзе электраманцёраў Аляксандра Рамановіча, Валерыя Кожана, Сяргея Сцепаненкава, Серафіма Стрыжнёва і вадзіцеля Уладзіміра Шышко на чале з майстрам Міхаілам Рэдзіка праводзіла ліквідацыю аварыйных пашкоджанняў і аднаўленні паветраных ліній электраперадач у Гомельскай вобласці. Яе кіраўнік узнагароджаны Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Без каманды сапраўдных прафесіяналаў дасягаць станоўчых вынікаў было б немагчыма. Будзем і надалей працягваць весці рэканструкцыю электрычных сетак, ажыццяўляць мадэрнізацыю абсталявання падстанцый, выконваць работу па абслугоўванні электраліній.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.