Прафесія бібліятэкара стала прызваннем для Наталлі Кандрацьевай

Актуальное

Прафесія бібліятэкара ў чымсьці загадкавая і таямнічая, бо кніга нібы скарбніца нязведанага, пазнавальнага і заўсёды новага. Нават нягледзячы на тое, што ў цяперашні час імклівага развіцця перадавых камп’ютарных тэхналогій кожны чалавек мае магчымасць пры дапамозе інтэрнэту знайсці і прачытаць у электронным варыянце твор мастацкай або дакументальнай літаратуры, яшчэ ёсць людзі, хто цікавіцца кнігай у натуральным яе выглядзе, хто з’яўляецца пастаянным наведвальнікам бібліятэкі. Так склалася, што бібліятэчнай справай займаюцца жанчыны, а, як вядома, там дзе жанчына — там прыгажосць, утульнасць, атмасфера цеплыні і ўзнёсласці.
З 2010 года ў аграгарадку Буеўшчына дзейнічае Дом народнай творчасці. Спецыфіка яго работы ў тым, што паралельна выконваюцца дзве функцыі: часткова гэта клубная ўстанова і часткова бібліятэка. На пасадзе бібліятэкара працуе Наталля Віктараўна Кандрацьева — спецыяліст сваёй справы, граматны работнік і душэўны чалавек. Наталля нарадзілася і вырасла ў маляўнічых мясцінах, у вёсцы Чарамхова, што раскінулася на беразе ракі Дзісна. Закончыўшы Ямненскую базавую школу, паступіла ў Полацкае педагагічнае вучылішча, атрымала кваліфікацыю настаўніка пачатковых класаў. Першым месцам яе працы стала Тадулінская пачатковая школа, затым Лонская БШ. Лёс распарадзіўся так, што Наталля спаткала ў гэтых мясцінах свайго будучага мужа Ігара. Праз год пасля вяселля нарадзілася дачушка Ліза, а яшчэ праз год — сынок Паша. Маладая сям’я спачатку жыла ў вёсцы Буда Дальняя. Але з-за вялікай аддаленасці населенага пункта ад месца працы вырашылі пераехаць на цэнтральную сядзібу былога калгаса “Камінтэрн” у Корніцу. У 1999 годзе Наталля працаўладкавалася ў мясцовую бібліятэку. Разам з работнікамі сельскага Дома культуры ладзілі масавыя мерапрыемствы, праводзілі святы, прадастаўляючы поўны спектр культурных паслуг для насельніцтва. У 2010 годзе суседняя вёска Буеўшчына набыла статус аграгарадка. Тут сярод шэрагу новых будынкаў сацыяльнай і вытворчай сфер узвялі модульнае памяшканне для размяшчэння ў ім Дома народнай творчасці. Кіраўніцтва аддзела культуры райвыканкама прапанавала Наталлі працу на пасадзе бібліятэкара ў новай установе культуры, на што яна дала згоду. Несумненна, праца ў палепшаных умовах станоўча сказваецца на зацікаўленасці работніка ў выкананні даручанай яму справы і сваіх службовых абавязкаў. Спецыялісты Буеўшчынскага Дома народнай творчасці з вялікай зацікаўленасцю і жаданнем удзельнічаюць у розных культурна-масавых мерапрыемствах. У 2012 годзе, які быў аб’яўлены Годам кнігі, кампазіцыя “Кніжнае царства”, зробленая рукамі Наталлі Кандрацьевай для ўдзелу ў раённым конкурсе, заняла першае месца. Сваёй адметнай гасціннасцю вылучаецца “Іёдскі падворак”, што рыхтуе мясцовы сельсавет для ўдзелу ў маштабных раённых святах. Тут таксама немалаважная заслуга належыць Наталлі, якая прымае самы актыўны ўдзел у распрацоўцы сцэнарыя гасціннага прадстаўлення падворка.
Але ж асноўная праца бібліятэкара — гэта далучэнне шырокага кола людзей і выкарыстанне магчымасцей па ўсебаковай зацікаўленасці насельніцтва, асабліва дзяцей, да чытання кніг. Гэтай жа думкі прытрымліваецца і Наталля Віктараўна Кандрацьева.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *