Наш рэгіён мае багатую спадчыну, якая прапагандуе незабыўныя гастранамічныя ўражанні. Шаркаўшчынская кухня насычана стравамі з бульбы, іншай гародніны, мяса, малочных прадуктаў.
Больш за чвэрць стагоддзя вывучэннем, адраджэннем і распаўсюджваннем рэцэптаў страў нашых продкаў займаюцца ўдзельнікі народнага калектыву нацыянальнай кухні і фальклору «Груца» Радзюкоўскага СДК. Гэта аб’яднанне даўно стала візітнай карткай Шаркаўшчынскага раёна. За гады існавання «Груцы» вывучаны дзясяткі старадаўніх рэцэптаў, характэрных для радзюкоўскай мясцовасці. Удзельнікі аб’яднання не проста гатуюць смачную і карысную ежу, яны яшчэ складаюць вершы і музыку.
На гасціннай радзюкоўскай зямлі праходзіць штогадовае мерапрыемства «І ў клёцак ёсць душа». Сёлета ў ім удзел прынялі усе клубныя ўстановы раёна і бібліятэкі. Канкурсанты дэманстравалі свае кулінарныя магчымасці, праводзілі майстар-класы па прыгатаванні страў.
Калектыў «Груцы» не спыняецца ў сваім творчым развіцці. Разнастайнасць праводзімых імі мерапрыемстваў надае гурту свой адметны каларыт і непаўторнасць.
Не менш смачнымі і разнастайнымі стравамі пачастуюць гаспадыні народнага аматарскага аб’яднання стараверскай кухні, гульні і абрадаў «Стараверскія страпухі» ў Більдзюжскім СДК. Удзельнікі калектыву за аснову сваёй дзейнасці абралі пошук рэцэптаў страў, звычаяў, гульняў старавераў, якія з 17 стагоддзя насяляюць навакольныя вёскі і хутары. У «страпух» можна паласавацца гарачай юшкай, гульбішнікамі, закіданікамі, панцаком, а запіць гэта смачнай ганіболіўкай. Пасля таго, як госці ўдосталь падсілкуюцца, гаспадыні запрашаюць іх прыняць удзел у гульнях і конкурсах, прадэманстраваць сваё веданне адгадак на мясцовыя загадкі, разам праспяваць стараверскія песні мінулых часоў.
Ва ўсходняй частцы раёна, а менавіта ў Германавічах з 2015 года ладзіцца «Бульбяны фэст». Як толькі вырастае свежы ўраджай «другога хлеба», у аграгарадок спяшаюцца мясцовыя жыхары, насельніцтва навкольных вёсак, прыязджаюць шаркаўчане, госці з суседніх рэгіёнаў. А «ўваходным білетам» з’яўляецца любая страва, прыгатаваная з бульбы. Падчас мерапрыемства гучаць народныя песні, праходзяць гульні, конкурсы, а ў паветры лунае пах бульбяных страў. Гэта свята абуджае жаданне больш даведацца пра абрады і звычаі нашых продкаў, дае магчымасць адчуць сябе часцінкай беларускага народа.
Шаркаўчане і госці нашага рэгіёну могуць стаць гастранамічнымі турыстамі — людзьмі, якім надакучылі звычайныя экскурсіі, пачаць падарожжа з нашых аб’ектаў. Тут заўсёды рады вітаць добрых людзей і ад душы пачаставаць адметнымі мясцовымі стравамі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.


