У чарговы раз аддалі даніну павагі саслужыўцам, якія навечна засталіся на афганскай вайне

Патрыятычнае выхаванне

19 снежня 1979 года камісія Палітбюро ЦК КПСС па Афганістане прапанавала рашэнне аб аказанні ваеннай дапамогі гэтай паўднёвай краіне шляхам уводу на яе тэрыторыю войск.

40-я армія, узмоцненая верталётнымі часцямі і знішчальнікамі-бамбардзіроўшчыкамі ўвайшла ў Афганістан 25 снежня 1979 года.

Шмат беларускіх сем’яў закранула гэта неаб’яўленая вайна. 65 юнакоў Шаркаўшчынскага раёна выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Наш зямляк, падпалкоўнік Мікалай Андзілеўка загінуў у той страшнай вайне на чужыне.

Шаркаўшчынскія воіны-афганцы сабраліся на памятны мітынг у скверы ДРБУ № 131 каля помніка «Чорны цюльпан», каб у чарговы раз аддаць даніну павагі саслужыўцам, якія навечна засталіся на афганскай вайне, узгадаць імёны воінаў-інтэрнацыяналістаў, спаўна выканаўшых свой воінскі абавязак перад Радзімай. Нагодай таму стала памятная дата — 45-годдзе з моманту ўводу савецкіх войск у Афганістан.

Былым салдатам ёсць што ўспомніць, у думках вярнуцца ў тыя часы, калі па загадзе вайсковага камандавання яны верна служылі Айчыне. Самым маладым воінам-інтэрнацыяналістам ужо амаль па шэсцьдзясят гадоў, але яны і цяпер захоўваюць добрую фізічную форму і салдацкую выпраўку. Мужчыны ўсклалі чырвоныя гваздзікі да помніка, запалілі свечку і хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць аб загінуўшых.

У актавай зале сярэдняй школы № 1 прайшло мерапрыемства пад назвай «Час выбраў нас», арганізаванае вучнямі і класным кіраўніком 9 «В» класа Юліяй Магаліцкай. Прысутных гасцей вітала дырэктар навучальнай установы, намеснік старшыні раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Ірына Рымдзёнак. Былыя воіны-афганцы дзяліліся ўспамінамі са школьнікамі пра час службы ў далёкай паўднёвай краіне. Ветэраны вайны расказвалі пра баявыя будні, горыч паражэнняў, страту верных таварышаў, пра ўзаемадапамогу і ўзаемавыручку, без якіх нельга было выжыць пад палаючым небам Афганістана.

— Мы на пастаяннай аснове праводзім сустрэчы з падрастаючым пакаленнем, расказваем падлеткам пра важнасць захавання міру, — падкрэсліў старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Васіль Протас. — Выхаванне патрыятызму, любові да сваёй Айчыны з’яўляюцца адным з асноўных накірункаў дзейнасці нашага грамадскага аб’яднання.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.