Вадохрышча ў Шаркаўшчыне (фотарэпартаж)

Актуальное

настаяцель царквы “Усіх Смуткуючых Радасць” Віктар Валашчук служыць малебен

19 студзеня праваслаўныя хрысціяне святкавалі Вадохрышча. Гэтым марозным сонечным ранкам на беразе ракі Дзісна, якая яшчэ не паспела пакрыцца лёдам (толькі па баках з’явілася ледзяное покрыва) сабралася шмат шаркаўчан. Настаяцель царквы “Усіх Смуткуючых Радасць” Віктар Валашчук адслужыў малебен і асвяціў ваду ў палонцы. Цяпер адпаведна са старажытнай традыцыяй можна было і паспрабаваць, наколькі бадзёрыць цела і дух святая вадзіца, і змыць тыя грахі, што накапіліся за год.
— Ну што, акунешся?
— Ды я што? Давай ты спачатку! А тады і я.
Такія жартаўлівыя дыялогі можна было пачуць у натоўпе людзей. Сапраўды, адважыцца пакупацца ў сцюдзёнай вадзе ў гэты марозны дзень мог толькі смелы духам і моцны целам. А такіх сярод шаркаўчан адшукалася даволі шмат. Па чарзе, перахрысціўшыся, смельчакі ныралі ў высечаную ў форме крыжа палонку і па некалькі разоў акунуліся з галавой.
— Ох, як добра! — усім сваім мажным целам выражаючы задавальненне ад воднай ванны, стаяў адзін з мужчын пасля купання і зусім не спяшаўся апранацца. Ну а тыя, хто не мог пахваліцца такой загартоўкай, маглі пагрэцца каля раскладзеных вогнішчаў і ў машыне, якую прадаставіла ПМК-68. На ўсялякі выпадак дзяжурства на мерапрыемстве вялі супрацоўнікі РАНС, РАУС і медыцынскія работнікі на машыне “хуткай дапамогі”. Пакупніцкія запытанні задавальняла палатка райспажыўтаварыства. Удзел у старажытным абрадзе прынялі і прадстаўніцы жаночай паловы. Так, падтрымала прыклад свайго мужа Юрыя Лабуця жонка Марына. Але званне самага мужнага ў гэты дзень, безумоўна, заслужыў Усяслаў Дземідовіч. Хлопчык, праявіўшы недзіцячую мужнасць, зрабіў тое, на што ў многіх дарослых не хапіла смеласці. Думаецца, пасля купання ў святой вадзе ніякія хваробы яму ўжо не страшныя.
Дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства (падрыхтавалі месца для купання, частавалі ахвотных гарачым чаем і печывам) аказалі прыхаджане царквы царквы “Усіх Смуткуючых Радасць”. Сярод іх трэба назваць Сяргея Бондара, Сяргея Лысова, Наталлю Райчонак, Наталлю Сямёнаву.
Трэба сказаць, што 19 студзеня адзначаўся сусветны дзень снегу. І хоць гэтай белай масы ў нас пакуль назіраецца дэфіцыт, культработнікі падрыхтавалі святочную праграму. Для ўзняцця настрою шаркаўчанам на беразе гучала музыка і песні.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.

айцец Віктар Валашчук асвячае ваду
пасля гэтага ахвотныя маглі акунуцца ў асвечаную ваду

"Ох! Добра!" - падзяліўся ўражаннямі адзін з купальшчыкаў
адшукаліся смелыя духам і сярод прадстаўніц жаночай паловы

на беразе працавала гандлёвая палатка
уздымалі настрой прысутным культработнікі

сярод купальшчыкаў быў і айцец Віктар
Марына Лабуць (злева) падтрымала прыклад свайго мужа Юрыя і таксама акунулася ў святую ваду

але галоўным героем дня стаў вось гэты хлопец
праявіўшы сапраўдны мужчынскі характар, Усяслаў Дземідовіч акунуўся ў сцюдзёную ваду
падтрымала сына і маці

Фота Андрэя БУРЦА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *