Чалавек і яго справа: начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Рубацкі

Актуальное

Што ў цяперашні час можа характарызаваць са станоўчага боку дзейнасць настаўніка? Якімі якасцямі павінен валодаць педагог, каб заваяваць павагу і атарытэт сярод вучняў і сваіх калег? Тут, напэўна, важна праяўляць не толькі ўласную ініцыятыву, арганізатарскія здольнасці і мець высокую кваліфікацыю, але яшчэ і быць у пастаянным пошуку эфектыўных форм і метадаў работы з педагагічнымі кадрамі па арганізацыі навучання і выхавання вучняў, на перспектыву бачыць далейшыя напрамкі развіцця галіны адукацыі, умела вызначаць шляхі рашэння сучасных праблем. Такімі якасцямі ў поўнай меры валодае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Рубацкі.
Працоўная дзейнасць М. М. Рубацкага пачалася на Івянецкім лесахімучастку, дзе ён непрацяглы час працаваў слесарам. Пасля службы ў арміі Мікалай Мікалаевіч цвёрда рашыў сваё жыццё прысвяціць настаўніцкай справе і паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт імя Леніна. Закончыўшы ў 1989 годзе вышэйшую навучальную ўстанову, ён адзін год адпрацаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства Рабунскай СШ Вілейскага раёна. А з 1990 года жыццё і працоўная дзейнасць Мікалая Мікалаевіча звязаны з нашым раёнам. На працягу дваццаці год ён выкладаў гістарычныя дысцыпліны і быў намеснікам дырэктара Шаркаўшчынскай СШ № 2. Вучні таленавітага настаўніка рэгулярна прымалі ўдзел у прадметных алімпіядах і займалі прызавыя месцы, узнагароджваліся дыпломамі і Ганаровымі граматамі. Сам Мікалай Мікалаевіч — пастаянны ўдзельнік зборнай каманды Шаркаўшчынскага раёна на абласным турыстычным злёце.
З 2010 года М. М. Рубацкі займаў пасаду дырэктара Радзюкоўскай базавай школы. А з лістапада мінулага года ён узначальвае аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Яшчэ не шмат часу прайшло, каб падводзіць пэўныя вынікі зробленаму на пасадзе начальніка аддзела. Але відавочна, што Мікалай Мікалаевіч з усёй паўнатой адказнасці падыходзіць да любой даручанай яму справы, грунтоўна ўнікае ў сутнасць праблем, што тычацца галіны адукацыі, імкнецца знаходзіць шляхі выхаду з любых складаных сітуацый.
Сяргей РАЙЧОНАК,
фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *