Пацверджанне таму, як можна паспяхова займацца ўласнай справай на сяле — асабістая падсобная гаспадарка Аляксандра і Таццяны Філіпёнкаў. У шматдзетнай сям’і выхоўваюцца чацвёра дзетак. У баку ад цэнтральнай дарогі, у прыгожым, маляўнічым месцы вёскі Жукі Ложныя Германавіцкага сельсавета стаіць іх прыгожы дом.
На такіх сем’ях трымаецца вёска
Таццяна — карэнная жыхарка, яна нарадзілася і вырасла ў Германавічах, Аляксандр родам з вёскі Шунеўцы Глыбоцкага раёна. Вясковы ўклад жыцця абодвум добра знаёмы.
— Жаданне заняцца развядзеннем асабістай падсобнай гаспадаркі прымалі разам, — расказала гаспадыня. Сумненняў наконт таго, што не справімся, не было, таму і рашыліся на такі крок.
На падворуку ў Філіпёнкаў утрымліваюцца 8 кароў, 6 цялят, куры, іншая жывёла, муж і жонка даглядаюць яе самі.
Асабістая падсобная гаспадарка хоць і патрабуе шмат сіл, увагі, часу, пэўных ведаў, але затое гэта экалагічна чыстая, натуральная прадукцыя. Свежае малако, сыр, масла, тварог — усё сваё, карыснае, асабліва для маленькіх дзяцей.
Як адзначыла старшыня Германавіцкага сельсавета Мая Якімовіч, такія сем’і вельмі патрэбныя нашаму раёну. Калі маладыя людзі будуць абжывацца ў сельскай мясцовасці, весці хоць мінімальную гаспадарку, нашы вёскі і аграгарадкі зажывуць новым жыццём.
У сям’і Філіпёнкаў Аляксандр даглядае жывёлу, Таццяна перапрацоўвае малочную прадукцыю.
— Сыры — маё асаблівае захапленне, — расказала Таццяна. — Навучылася рабіць іх сама. Многа эксперыментавала, глядзела рэцэпты ў інтэрнэце, скончыла онлайн-курсы. У наш век інфармацыйных тэхналогій многаму можна навучыцца. Галоўнае, каб было жаданне працаваць.
Некалькі гадоў таму сям’я Філіпёнкаў зрабіла стаўку на асабістую падсобную гаспадарку і сёння не пашкадавала аб сваім выбары. Хоць працаваць на ўласным падворку трэба ад самага ранку і да позняга вечара, без выхадных і адпускоў. Дзякуючы сваёй працавітасці і настойлівасці ў дасягненні мэты, нежаданню апускаць рукі у зусім невялікай вёсцы яны змаглі стварыць добрыя ўмовы жыцця для сябе і сваіх дзяцей. У 2006 годзе купілі звычайны вясковы дом. З дапамогай дзяржавы атрымалі крэдыт на рэканструкцыю жылля. Яно, дарэчы, патрабавала значнага рамонту і сур’ёзных фінансавых укладанняў. Але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі бяруцца за справу. Гаспадар дома, Аляксандр, яго цалкам перабудаваў, амаль усе рамонтныя работы рабіў сам. У дом правялі ўсе неабходнычя камунікацыі, побач з ім пабудавалі лазню і гаспадарчыя пабудовы, добраўпарадкавалі тэрыторыю.
Мы ёсць адзін у аднаго
Зараз шматдзетная сям’я складаецца з 6 чалавек — мамы таты, чатырох сыноў: Аляксандру хутка споўніцца 18 год, Ягору зараз 9, Марку — 5 год, а малодшаму Багдану ў красавіку будзе 3.
Старэйшы сын Аляксандр — будучы ваенны. Пасля завяршэння вучобы ў кадэцкім вучылішчы ён атрымлівае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «інжынер-праграміст». Юнак захапляецца спортам, свабодна размаўляе на англійскай мове.
Ягор вучыцца ў 3 «А» класе сярэдняй школы № 1 нашага гарадскога пасёлка. Як і старэйшы брат, захапляецца спортам. З пяці год займаецца ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе пад кіраўніцтвам трэнера Ігара Іванова. Ягор неаднаразова з’яўляўся пераможцам многіх рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па таэквандо. Хлопчык добра вучыцца ў школе і шмат паспявае.
Малодшыя ў сям’і — Марк і Багдан — вясёлыя, абаяльныя, усмешлівыя і дапытлівыя хлопчыкі. Як і ўсе дзеці, яны вельмі любяць увагу і актыўныя гульні. Сабраць што-небудзь з дэталей канструктара, летам пакорпацца ў пясочніцы, зімой пагуляць у снежкі таксама ўваходзіць у кола іх захапленняў.
Дзеці — гэта сіла
-
Многа дзяцей у сям’і — гэта вельмі добра і зусім не складана, калі іх правільна выхоўваць, — падзялілася сваімі думкамі шматдзетная маці Таццяна Філіпёнак. — У асноўным у нас мір і згода, хлопчыкі разам гуляюць, вучацца адзін у аднаго, дапамагаюць малодшым. Яны вельмі дружныя. І, я ўпэўнена, гэта вялікае шчасце, што яны ёсць адзін у аднаго.
Нарадзіць і выхаваць чатырох дзяцей — справа нялёгкая. А калі гэта чатыры сыны, то маму можна назваць сапраўдная гераіняй. Яна актыўная, мэтанакіраваная, усебакова развітая, з выдатным пачуццём гумару. Падчас размовы з ёй адчуваецца энергія і ўпэўненасць. Менавіта такая яна — Таццяна Філіпёнак — якая вельмі многае робіць для сваіх дзяцей, шмат паспявае і з усмешкай адзначае, што быць мамай — яе галоўная прафесія.
Вельмі хачу, каб дзеці, калі вырастуць, абавязкова прыязджалі да нас, бацькоў са сваімі сем’ямі, — падзялілася сваімі думкамі Таццяна. — Хачу, каб яны любілі свой дом і адчувалі сябе ў ім утульна, нават праз многа-многа год. Мы, бацькі, іх заўсёды будзем чакаць.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара і з сямейнага архіву.





