Нарадзіўся мужчына ў вёсцы Рабяртова, якой ужо няма на карце раёна. Як і іногія прадстаўнікі пакалення 1960-х гадоў, пасля заканчэння Дулінскай БШ, атрымаў вадзіцельскае пасведчанне ў аўтамабільнай школе. Перад тэрміновай службай у арміі некаторы час працаваў у саўгасе імя Маркава. Пасля дэмабілізацыі непрацяглы тэрмін жыў у Калінінградскай вобласці, але душа і сэрца настальгічна клікалі Франца ў родныя мясціны, куды ён і вярнуўся ў 1973 годзе. Тут, на малой радзіме, мужчына працаваў вадзіцелем ў перасоўнай механізаванай калоне № 51, у раённай нарыхтоўчай інспекцыі, а з 1986 года і да выхаду на заслужаны адпачынак — ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
— Шмат кіламетраў грунтовых і, у асноўным, палявых дарог давялося праехаць за час працы ў райсельгасхарчы, — успамінае Франц. — Аўтапарк райвыканкама налічваў вялікую колькасць аўтамашын. Асабіста за мной былі замацаваны тры адзінкі. Трэба было не толькі аператыўна ажыццяўляць падвоз людзей, але і падтрымліваць аўтамабілі ў спраўным стане.
З нагоды 75-годдзя Франца Пачкоўскага павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі. Па даручэнні кіраўніка раёна Дзмітрыя Ламака ён уручыў юбіляру Падзяку старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу па тэхнічным абслугоўванні і забеспячэнні дзейнасці райвыканкама, актыўную жыццёвую пазіцыю.
Да віншаванняў у адрас ветэрана працы далучылася старшыня раённага Савета ветэранаў Ірына Міхалёнак.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
