Сяргей Мялешкін правёў прыём грамадзян у Радзюкоўскім сельвыканкаме і сустрэчу з мясцовым насельніцтвам

Актуальное

Дзеючае заканадаўства абавязкова павінна адпавядаць запытам грамадства, дапамагаць грамадзянам вырашаць актуальныя праблемы.
Такой пазіцыі прытрымліваецца член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, начальнік абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Сяргей Мялешкін. Сенатар падчас прыёму грамадзян і «прамой тэлефоннай лініі» ў Радзюкоўскім сельвыканкаме прааналізаваў, як дзейнічаюць заканадаўчыя акты і як іх успрымае насельніцтва
Потым сенатар сустрэўся з насельніцтвам аграгарадка Радзюкі і з жыхарамі навакольных вёсак.
Адной з асноўных тэм гутаркі стала захаванне бяспекі жыццядзейнасці. У агні па-ранейшаму гінуць людзі, дзе галоўнай прычынай з’яўляецца злоўжыванне алкаголем. Сяргей Мялешкін спыніўся на абавязковым захаванні правілаў пажарнай бяспекі ў домаўладаннях грамадзян і дзеяннях у выпадку ўзнікнення пажару.
— Найбольш актуальнае пытанне сёння — захаванне міру, — падкрэсліў Сяргей Мялешкін. — Менавіта таму на першае пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу было вынесена зацвярджэнне двух дакументаў: Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны. Сам час прымушае нас прымаць рашучыя дзеянні, улічваючы абставіны каля дзяржаўнай мяжы.
Рэспубліка знаходзіцца напярэдадні значнай для грамадства і ўсёй дзяржавы падзеі — выбараў Прэзідэнта краіны. Наш абавязак — прыняць у іх удзел. Кожны чалавек павінен быць сацыяльна актыўным і адказным грамадзянінам.
Сенатар павіншаваў прысутных з нядаўна прайшоўшымі навагоднімі святамі, пажадаў кожнаму здароўя, сямейнага дабрабыту, заклікаў будаваць свой заўтрашні дзень дзеля будучых пакаленняў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.