Работа кіраўніка арганізацыі любой сферы дзейнасці патрабуе ад чалавека вялікай самааддачы, умення валодаць арганізатарскімі магчымасцямі, бачыць праблемы і знаходзіць шляхі іх вырашэння. Станоўчых вынікаў у працы калектыў можа дасягнуць толькі пры той умове, што яго ўзначальвае граматны і вопытны кіраўнік.
Дырэктарам цэнтра банкаўскіх паслуг № 224 філіяла № 216 ААТ “ААБ Беларусбанк” у г. п. Шаркаўшчына на працягу дванаццаці год з’яўляецца Галіна Іванаўна Бондар. Яна — карэнная шаркаўчанка. Атрымаўшы грунтоўныя веды ў сярэдняй школе №1 і выдатна здаўшы ўступныя іспыты, Галіна Іванаўна стала студэнткай Беларускага інстытута народнай гаспадаркі (цяперашні Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт). Пасля яго заканчэння маладога спецыяліста накіравалі па размеркаванні на працу ў Полацкі ліцейна-механічны завод у якасці эканаміста. Лёс распарадзіўся так, што ў 1988 годзе Галіна Іванаўна вяртаецца назад у Шаркаўшчыну, працуе ў райкаме камсамола. А ў 1990 годзе ёй прапанавалі пасаду намесніка кіраўніка аддзялення ашчаднага банка № 6495 у г. п. Шаркаўшчына, на што Галіна Іванаўна дала згоду. Паступова набіраючыся вопыту і прафесіяналізму, яе прызначылі ў 2002 годзе дырэктарам гэтай установы.
— Праца, канечне, хоць і складаная, але ж мне вельмі падабаецца, — кажа Галіна Іванаўна, — перш за ўсё таму, што ў нас з’яднаны, сяброўскі калектыў. Штат установы складаюць 32 спецыялісты і кожны добрасумленна адносіцца да выканання сваіх службовых абавязкаў. А іначай і не магчыма, бо патрабаванні да банкаўскага работніка вельмі строгія: трэба пастаянна вучыцца, самаўдасканальвацца, пільна сачыць за апошнімі змяненнямі ў фінансавай сістэме краіны. Наша ўстанова прадастаўляе насельніцтву больш за сто розных паслуг, звязаных з фінансамі. Мы працуем як з фізічнымі, так і з юрыдычнымі асобамі. І тут асноўная задача заключаецца ва ўмелым падыходзе да кожнага, хто з’яўляецца кліентам нашага банка.
А пасля работы Галіна Іванаўна спяшаецца дадому. Разам з мужам Барысам Фёдаравічам з вялікім нецярпеннем чакаюць чарговых выхадных дзён і прыезду з Мінска дачкі Юліі. Яна вучыцца на трэцім курсе юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Наогул, пра Галіну Іванаўну Бондар можна сказаць як пра чалавека, які з добрым настроем ідзе на працу і з усмешкай вяртаецца дадому ў канцы рабочага дня.
Сяргей РАЙЧОНАК,
фота аўтара.
