На календары — пачатак лютага. У гаспадарках рыхтуюць тэхніку да пачатку вясенне-палявых работ.
У зімні перыяд інжынерныя службы, механізатары і слесары ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах займаюцца рамонтам трактароў, прычапных агрэгатаў, каб вясной без прамаруджвання вывесці іх на палеткі і прыступіць да пасяўной кампаніі.
З самага ранку чутны скрыгат такарных станкоў, стук малаткоў і бачны бляск электрагазазваркі ў цэнтральных механічных майстэрнях ААТ «Жвіранка». Тут ідуць рамонтныя работы.
— Частка механізатараў знаходзіцца ў працоўных водпусках, — тлумачыць галоўны інжынер гаспадаркі Уладзімір Бучынскі. — Некаторыя на жывёлагадоўчых фермах займаюцца падвозам кармоў для буйной рагатай жывёлы, вывазам арганікі, іншыя рамантуюць тэхніку і прычапныя агрэгаты да яе.
Дзяржавай выдаткаваны фінансавыя сродкі на набыццё запасных частак для трактароў, глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў. Патрабуюць замены гумовыя колы, іншыя вузлы. Механізатары не лічацца з уласным часам, а прыкладаюць намаганні, каб у тэрмін падрыхтаваць тэхніку.
Як паведаміў галоўны дзяржаўны інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Васіль Лутохін, 11 сакавіка пачнецца правядзенне дзяржаўнага тэхнічнага агляду трактароў, меліярацыйных, дарожна-будаўнічых і сельскагаспадарчых машын у сельгасарганізацыях, арганізацыях незалежна ад форм уласнасці, а таксама індывідуальных карыстальнікаў, якія маюць ва ўласнасці тэхніку. Гэта важны экзамен як для інжынерных служб гаспадарак, так і для саміх механізатараў.
Па ўсім бачна, што ў ААТ «Жвіранка» дбаюць пра падрыхтоўку тэхнікі да вясенне-палявых работ, бо час праляціць хутка, і палеткі паклічуць вясковых сейбітаў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
