У шматлікіх краінах бліжняга і дальняга замежжа ўведзены кантроль за перамяшчэннем прадукцыі жывёлагадоўлі па прычыне ўзнікнення яшчура. Больш падрабязна пра гэта расказвае начальнік Шаркаўшчынскай райветстанцыі Валерый Кулік:
— Яшчур — інфекцыйная хвароба хатніх і дзікіх парнакапытных жывёл, якая наносіць вялікую эканамічную шкоду. Перадаецца яна і чалавеку.
Характэрнымі прыкметамі хваробы з’яўляюцца слінацёк, наяўнасць эрозій на слізістай абалонцы ротавай поласці, насагубнага люстэрка, вымя, павышэнне тэмпературы цела, зніжэнне апетыту. У нованароджанага маладняку яшчур працякае ў звышвострай форме са смяротным зыходам. Крыніцай узбуджальніка віруснай інфекцыі з’яўляюцца хворыя яшчурам жывёлы, сыравіна, атрыманая ад іх, а таксама забруджаныя іх выдзяленнямі кармы, вада, адзенне і абутак людзей, транспартныя сродкі. Спрыяльнымі ўмовамі для віруса ў навакольным асяроддзі з’яўляюцца нізкая тэмпература і павышаная вільготнасць.
Пры ўзнікненні падазрэнняў на захворванне жывёл яшчурам іх уладальнікі павінны неадкладна паведаміць у раённую ветэрынарную станцыю. Да прыбыцця спецыяліста неабходна ізаляваць жывёлу, каб выключыць магчымасць вынасу віруса яшчура з ачага распаўсюджвання хваробы.
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.

