Працаўнікі сяла: дырэктар ААТ «Ельня-Агра» Міхаіл Якімовіч

Сельское хозяйство

Міхаіл Мікалаевіч Якімовіч працуе на пасадзе дырэктара ААТ “Ельня-Агра” роўна два гады. Аднак ён не навічок ў гэтай гаспадарцы. Міхаіл нарадзіўся і вырас у вёсцы Іванава, у сям’і калгаснікаў. Бацька большасць свайго жыцця аддаў працы  механізатара ў калгасе. А апошнія дзесяць гадоў да пенсійнага ўзросту Мікалай Паўлавіч займаўся будаўніцтвам. Бацька перадаў сыну ўсю сваю жыццёвую энергію, багаты вопыт. Міхаіл змалку быў прывучаны да працы на зямлі, любіў з бацькам рамантаваць тэхніку, штосьці майстраваць. Таму і прафесію выбраў прыбліжаную да тэхнікі, да зямлі.
У 1991 годзе Міхаіл паступіў вучыцца на механіка ў Гарадоцкі саўгас-тэхнікум. Пару месяцаў правучыўся і падышоў тэрмін службы ў арміі. Пасля звальнення з войска ў запас, зноў працягваў вучобу ў тэхнікуме. Малады спецыяліст вярнуўся ў родную гаспадарку і быў прызначаны загадчыкам рамонтнай майстэрні. У 1999 годзе спатрэбіўся прараб у гаспадарцы. Выбар адразу паў на Міхаіла Мікалаевіча. Кіраўніцтва гаспадаркі ведала, калі штосьці не зразумее малады кіраўнік будаўнічай брыгады, падзеліцца сваім вопытам бацька.
За тры гады ў сельгаспрадпрыемстве сваімі сіламі былі пераабсталяваны кароўнікі на фермах Зорка і Юзэфова, праведзены капітальны рамонт свінакомплексу ў Зорцы і пераабсталяваны будынак пад цялятнік, зроблена шмат іншых будаўнічых работ.
Дарэчы, будаўніцтва ў ААТ “Ельня-Агра” не спрыняецца і па сённяшні дзень. Там заканчваецца мантаж абсталявання на малочнатаварнай ферме, якая ўзводзіцца практычна за ўласныя сродкі.
Міхаіл Мікалаевіч добра разумее сам і ставіць такую мэту перад спецыялістамі, што прыбытак, асабліва ў зімова-стойлавы перыяд утрымання жывёлы, атрымліваецца ад жывёлагадоўлі. А будзе малако і мяса толькі тады, калі жывёла накормлена, здаровая, дагледжаная, створаны спрыяльныя ўмовы для працы жывёлаводаў. Варта нагадаць, што ААТ “Ельня-Агра” адна з гаспадарак раёна, якая працуе з прыбыткам і мае на рахунку ўласныя грошы. Пры М. М. Якімовічу ўзрасла валавая вытворчасць малака і палепшылася яго якасць, павысіліся прывагі буйной рагатай жывёлы. Гарантам паспяховай работы выступаюць не толькі тэхналогіі, сучасная тэхніка і старанная праца ўсіх работнікаў, але і згуртавасць усяго калектыву, які ўзначальвае Міхаіл Мікалаевіч Якімовіч.
Кацярына СОСНА.
Фота Андрэя БУРЦА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *