Сёння адзначаецца чарговая гадавіна вываду савецкіх войск з Афганістана. Сярод тых юнакоў, хто з годнасцю выканаў свой воінскі абавязак перад Радзімай, ёсць імя Аляксандра Пугаўкі.
— Пасля заканчэння Велікасельскай васьмігодкі я атрымаў кваліфікацыю агранома ў Лужаснянскім саўгасе-тэхнікуме, — успамінае Аляксандр. — У хуткім часе прыйшла павестка з райваенкамата аб прызыве на тэрміновую службу. Спачатку была вучэбная часць у пасёлку Печы пад Барысавам, а праз два тыдні нас накіравалі ў Тэрмез Узбекскай ССР. Далейшы шлях ляжаў у Афганістан.
Служыць давялося ў танкавым узводзе. З аднапалчанамі мы суправаджалі пад аховай транспартныя калоны, якія перавозілі людзей, тэхніку, боепрыпасы, прадукты харчавання і іншае. Нярэдка аказваліся пад агнём праціўніка. На мінах падрывалася тэхніка, гінулі нашы байцы. Тады, каб найхутчэй выратаваць людзей, прыляталі нашы верталёты, вывозілі з поля бою параненых ваеннаслужачых.
З афганскай зямлёй Аляксандр Пугаўка развітаўся ў чэрвені 1988 года. Некаторы час даслужваў у Прыморскім краі. Вярнуўшыся на малую радзіму, у вёску Вялікае Сяло, вырашыў застацца тут назаўсёды. Уладкаваўся на пасаду галоўнага тэхнолага палёў мясцовага калгаса. З былой аднакласніцай Таццянай стварылі сям’ю.
— Вельмі ганарова было сябраваць з хлопцам, які дэмабілізаваўся з арміі, а тым больш, прайшоў афганскімі ваеннымі дарогамі, — далучылася да гутаркі Таццяна. — Некаторыя сяброўкі мне нават крыху зайздросцілі. У той час я працавала галоўным бухгалтарам калгаса «Вялікае Сяло», муж — галоўным аграномам гэтай жа гаспадаркі. Выхавалі траіх сыноў — Алега, Данілу і Дзмітрыя, якім прывілі любоў да роднай зямлі, да працы на ёй.
36 год мінула з таго часу, як закончылася афганская вайна, але воіны-інтэрнацыяналісты, сярод якіх і Аляксандр Пугаўка, ніколі не забудуць тыя суровыя дні, не забудуць імёны загінуўшых таварышаў, якія назаўсёды засталіся ў памяці маладымі юнакамі.
Сяргей РАЙЧОНАК.

