Раённы этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”

Молодежь

пераможцы раённага конкурсу разам з М. М. Рубацкім

З мэтай выяўлення таленавітых, творча працуючых педагагічных работнікаў, падтрымкі эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ў сферы адукацыі, павышэння прэстыжу працы настаўніка адзін раз у два гады праходзіць раённы этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.
На базе Шаркаўшчынскай СШ № 2 24 і 27 студзеня прайшоў фінальны тур раённага этапа дадзенага конкурсу. Гэтай падзеі папярэднічала карпатлівая праца 24 педагогаў, якія да 11 снежня мінулага года падалі заяўкі ў аргкамітэт на ўдзел у выпрабаванні. Каб прадэманстраваць свае веды, навыкі і уменне, кожны з іх рыхтаваў партфоліо аб сваёй прафесійнай дзейнасці на тэму “Абучаючы, я выхоўваю”, відэа-урок і іншыя матэрыялы. Конкурс праводзіўся ў сямі намінацыях: “фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”, “замежная мова”, “беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура”, “пачатковыя класы”, “музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”, “гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія”, “выхавальнік дашкольнай адукацыі”.
У фінал змаглі прайсці 18 педагогаў, якія атрымалі станоўчыя адзнакі ад журы конкурсу першага (завочнага) тура. Удзельнікі выпрабавання былі падзелены на дзве роўныя групы, па дзевяць чалавек у кожнай. Яны ж і змагаліся за ганаровае званне “Настаўнік года Шаркаўшчынскага раёна”. 24 і 27 студзеня, падчас правядзення фіналу, у актавай зале СШ № 2 сабраліся калегі, сябры, вучні канкурсантаў, каб цёпла і горача падтрымаць іх. Зараз кожны з васемнаццаці прэтэндэнтаў дэманстраваў ход адкрытага міні-урока ў незнаёмым класе (такая своеасаблівая задумка была ў арганізатараў конкурсу), правёў самапрэзентацыю са сцэны, прайшоў псіхалагічнае і педагагічнае тэсціраванне, а таксама публічнае прадстаўленне сістэмы педагагічнай дзейнасці па тэме “Абучаючы, я выхоўваю”. Членам журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і вопытныя педагогі, вельмі няпроста было вызначыць пераможцаў. Тым больш, што крытэрыі ацэнак былі досыць разнастайнымі. І вось старшыня журы, К. Р. Міхнёнак зачытала канчатковыя вынікі раённага этапа рэспубліканскага конкурсу. У намінацыі “фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка” перамогу заваявала настаўнік матэматыкі СШ № 1 Алена Эдуардаўна Стральчонак. Лепшай у намінацыі “замежная мова” стала настаўнік англійскай мовы СШ № 1 Марына Станіславаўна Хахолка. Настаўнік беларускай мовы СШ № 1 Святлана Мікалаеўна Грыгаровіч — лідар у намінацыі “беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура”. Намінацыі “пачатковыя класы” удастоена Алена Алегаўна Чарняўская — настаўнік пачатковых класаў СШ № 2. Заслужаную перамогу ў намінацыі “музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка” атрымала настаўнік музыкі Германавіцкай СШ Святлана Міхайлаўна Лагун. Настаўнік біялогіі Велікасельскай ДС-СШ Анна Казіміраўна Бука стала першай у намінацыі “гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія”. Фаварытам у намінацыі “выхавальнік дашкольнай адукацыі” стала Ала Уладзіміраўна Новікава — выхавальнік ясляў-сада № 3 гарпасёлка. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама М. М. Рубацкі выказаў словы ўдзячнасці педагагічнаму калектыву сярэдняй школы № 2, на базе якой на працягу двух дзён праходзіла фінальнае мерапрыемства, і асабіста яе дырэктару А. І. Сікора, ўсім педагогам, хто прыняў удзел у раённым конкурсе прафесійнага майстэрства. Ён жа уручыў пераможцам Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі. Мікалай Мікалаевіч пажадаў ім далейшай плённай працы на ніве адукацыі, прафесійнага росту і таленавітых вучняў.
У хуткім часе стане вядома, хто па рашэнні абласнога аргкамітэта рэспубліканскага конкурсу будзе змагацца за высокае званне “Настаўнік года Віцебскай вобласці” ад Шаркаўшчынскага раёна. Жадаем нашым землякам поспехаў і ўдачы на абласным конкурсным этапе!
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.

міні-урок праводзіць настаўнік СШ № 1 Т. С. Бука
М. М. Рубацкі віншуе з перамогай настаўніка СШ № 1 М. С. Хахолка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *