Чалавек і яго справа: старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец

Актуальное

Уладзімір Серафімавіч Шпец нарадзіўся ў вёсцы Ручай, закончыў Гуркаўскую васьмігадовую школу. Атрымаў спецыяльнасць “бухгалтарскі ўлік у сельгаспрадпрыемствах” у Полацкім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Пасля службы ў арміі вырашыў памяняць прафесію і ўладкаваўся ў Шаркаўшчынскі РАУС. Яшчэ са школы была мара знаходзіцца на варце правапарадку. Узыходжанне па кар’ернай лесвіцы пачынаў малодшым сяржантам у аддзеле барацьбы з крадзяжамі сацыялістычнай маёмасці, з 1988 па 1994 гады працаваў у крымінальным вышуку. У 1993 годзе закончыў акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і з 1994 па 1998 год выконваў абавязкі намесніка начальніка РАУС, а ў 1998 годзе быў прызначаны начальнікам раённага аддзела ўнутраных спраў. З гэтай пасады ў 2004 годзе выйшаў на пенсію ў званні падпалкоўніка міліцыі. Але адчуваў, што жыццёвай энергіі яшчэ хапае і можа прынесці карысць роднаму раёну. Пэўны час працаваў галоўным спецыялістам Шаркаўшчынскага райвыканкама, у рэдакцыі раённай газеты. А ў 2007 годзе быў абраны дэпутатам раённага Савета дэпутатаў і яго старшынёй, абавязкі якога выконвае і да цяперашняга часу. У маштабах раёна гэта адказная пасада з мноствам абавязкаў, якая патрабуе ведання сітуацыі, патрэб і праблем насельніцтва. Старшыня раённага Савета дэпутатаў — гэта тая асоба, якая трымае руку на пульсе раённага жыцця. У нейкай ступені можна сказаць, што Уладзімір Серафімавіч працягвае працоўныя традыцыі сваёй маці, якая ў свой час працавала старшынёй Ручайскага сельсавета. На дадзены момант у раёне дзейнічаюць 6 сельскіх Саветаў дэпутатаў. На раённы і мясцовыя Саветы ўскладзены адміністрацыйна-кіраўнічыя абавязкі на месцах. Праца са зваротамі грамадзян, вырашэнне пытанняў добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў, збору малака ў насельніцтва, кантрактацыя жывёлы, дапамога асабістым гаспадаркам. Дарэчы, у Шаркаўшчынскім раёне ў адным з першых была ўведзена і добра зарэкамендавала сябе сістэма, пры якой малако ў насельніцтва закупаюць прыватныя прадпрымальнікі. На сесіях раённага Савета дэпутатаў адбываецца зацвярджэнне праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця, бюджэту раёна, вызначэнне мясцовых падаткаў, разгляд важных пытанняў функцыянавання раёна. Але пры ўсім гэтым прадстаўнікі ўлады ніколі не павінны забываць пра адну важную рэч.
— Патрэбна паважаць людзей, — кажа Уладзімір Серафімавіч. — Дзе б ты ні працаваў, якую б пасаду ні займаў, у адносінах да людзей заўсёды павінна прысутнічаць павага. Трэба памятаць, як ты адносішся да людзей, так і людзі аднясуцца да цябе.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *