Людміла Хаданёнак з ААТ «Княж» стала лепшым аператарам машыннага даення ў раёне

Сельское хозяйство

Адным з лепшых аператараў машыннага даення ў раёне з’яўляецца Людміла Хаданёнак, якая працуе на малочнатаварнай ферме «Германавічы» ААТ «Княж».
На старонках раённай газеты мы неаднаразова паведамлялі пра высокія працоўныя паказчыкі гэтай жанчыны.
— У маім гурце налічваюцца 53 каровы, — кажа Людміла. — За студзень валавы надой малака склаў 28, 2 тоны. У сярэднім ад адной каровы атрымана 528 кілаграмаў.
Павіншаваць перадавога аператара машыннага даення завітаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат. Ён выказаў словы ўдзячнасці за нялёгкую, але вельмі карысную працу, накіраваную на захаванне высокіх вытворчых паказчыкаў сельгаспрадпрыемства.
Шматлікія цяжкасці, якія сустракаюцца на шляху, жанчыну не палохаюць, тым больш, што Людміла даўно навучылася іх пераадольваць. Паля заканчэння школы яна вырашыла не шукаць лёгкага хлеба, засталася на малой радзіме. Аператарам машыннага даення ў роднай гаспадарцы працуе 30 год і ніколі не пашкадавала аб гэтым.
— Калектыў жывёлаводаў на МТФ «Германавічы» сяброўскі і добрасумленны, — сцвярджае дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Буда. — Кожны з работнікаў з адказнасцю адносіцца да выканання сваіх абавязкаў, Людміла таксама. Упэўнены, у далейшым яна не страціць сваіх лідзіруючых пазіцый, будзе ўпэўнена трымацца сярод перадавікоў жывёлагадоўлі раёна.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.