Два браты Міхаіл і Анатолій Сямёнавы з вёскі Варонка ўдзельнічалі ў Афганскай вайне

Актуальное

Анатолій Сямёнаў

Хадзілі два браты — старэйшы Міхаіл і малодшы Анатолій Сямёнавы — разам са сваімі аднагодкамі ў Іёдскую сярэднюю школу. Калі закончылі яе, то абодва засталіся ў сваёй роднай вёсцы Варонка. Хлопцы рыхтаваліся да службы ў арміі, але пакуль быў час вырашылі набыць спецыяльнасць трактарыста ў раённым вучэбным камбінаце. У 1982 годзе прызвалі служыць Міхаіла. Ён трапіў у Афганістан. З першага да апошняга дня службы ён аддаваў воінскі доўг у далёкай ад радзімы краіне.
У гэты час Анатолій, не трацячы часу дарэмна, вырашыў папрацаваць у тагачасным калгасе “1-е Мая”. Яго старшыня Вадзім Андрэевіч Мядзелец з разуменнем аднёсся да жадання маладога механізатара. Анатолію выдзелілі новы трактар. Не сумняваліся ў хлопцы, бо ведалі, што ён выхоўваецца ў добрай сям’і і прынясе карысць гаспадарцы.
У Міхаіла закончыўся тэрмін службы і, ён, як кажуць, цэлы і здаровы вярнуўся дадому. Ажаніўся на мясцовай дзяўчыне і яны пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Даўгаўпілс.
Амаль праз чатыры гады пасля таго, як дэмабілізаваўся Міхаіл, падыйшоў тэрмін служыць і Анатолію. Маці праліла нямала слёз, пакуль адпраўляла сына. Сэрца яе падказвала, што трапіць у Афган і малодшы. Так яно і атрымалася. У 1987 годзе Анатолія Сямёнава прызвалі ў армію ў пагранічныя войскі. Быў такі перыяд, калі ў Афганістане адбываўся пераход ад актыўных баявых дзеянняў пераважна да падтрымкі афганскіх войскаў савецкай авіяцыяй, артылерыяй і сапёрнымі падраздзяленнямі. Вось абараняць пагранічныя рубяжы непадалёку ад горада Тахта-Базар і давялося Анатолію Сямёнаву на працягу года. У 1988 годзе, калі пачаўся этап вываду нашых войск з Афганістана, ён вярнуўся з-за мяжы і даслужваў год у Туркменіі.
— Калі дабіраліся да месца дыслакацыі ў Афганістане, — прыгадвае той перыяд Анатолій, — маладыя салдаты ведалі, што іх чакае наперадзе. Я многае пазнаў з расказаў брата, але будучыя воіны-інтэрнацыяналісты ў дрэнныя прадказанні не верылі, вайна не хвалявала нас. Нам было нават цікава: юнацкі кураж, землякі побач. Чаго, маўляў, хвалявацца?! Аб смерці не думалі “услых”.
Аб тым, як ідзе служба ў лістах дадому ніхто не меў права пісаць. Але мацярынскае сэрца і без паведамлення ведала, дзе нясе службу яе сын. Яна магла прачытаць пра ўсё паміж радкамі.
Адслужыўшы належны тэрмін, салдат вярнуўся ў бацькоўскі дом.
У вёсцы і калгасе сустрэлі Анатолія, як героя. Ды і не магло быць іначай, бо на салдацкай гімнасцёрцы зіхацела медаль “За выдатную ахову дзяржаўнай мяжы СССР”. Былы воін-інтэрнацыяналіст уліўся ў механізатарскую сям’ю гаспадаркі, атрымаў новую тэхніку. Хлопец знайшоў сваё шчасце. Яго жонка Ірына цяпер працуе рабочай у Іёдскай ДС-СШ. У сям’і выхаваліся дзве дачкі — Насця і Яна.
А пару гадоў назад Анатолію Пятровічу выдзелілі ў гаспадарцы навейшы трактар “Амкадор”. Ён запатрабаваны на розных участках работы, і механізатар спраўляецца са сваёй задачай.
— Працы хапае ў сельгаспрадпрыемстве “Буеўшчына” і дома, каля ўласнай гаспадаркі, — прызнаецца механізатар.
З вясны і да позняй восені буяюць кветкі ў палісадніках каля дагледжанага дома Сямёнавых. Гэта Ірына захапляецца кведкаводствам.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *