250 баявых вылетаў на рахунку ўдзельніка вайны ў Афганістане пілота верталёта Іосіфа Курыловіча

Актуальное

З самага дзяцінства ў Іосіфа Курыловіча была мара звязаць сваё жыццё з небам, з авіяцыяй. Для яе ажыццяўлення закончыў курсы ў Віцебскім вучэбным авіяцыйным цэнтры ДТСААФ, дзе рыхтаваўся стаць пілотам верталёта. Пасля гэтага вучыўся ў Сызранскім вышэйшым ваенным авіяцыйным вучылішчы лётчыкаў, удасканаліваў практычныя навыкі ў Беларускай ваеннай акрузе на Пружаншчыне.
У 1982 годзе полк атрымаў загад аб адпраўленні ў Джэлалабад, што ў Афганістане. Малады лейтэнант Іосіф Курыловіч у складзе экіпажа верталёта МІ-24 у хуткім часе распачаў баявыя вылеты. Вядома, што верталёт у складаных і спецыфічных умовах вядзення вайны ў гарыстай мясцовасці Афганістана з’яўляўся важнай стратэгічнай адзінкай. Пілоты на сваіх машынах вялі пошук варожых караванаў, знішчалі іх, суправаджалі транспартныя верталёты і калоны, наносілі бомбава-штурмавыя ўдары, праводзілі разведку і дэсантаванне жывой сілы. Ці трэба казаць, што адпраўляючыся ў чарговы вылет, пілот не ведаў, ці вернецца ён назад. Фактарамі рызыкі былі складаныя ўмовы пілатавання, пастаянныя абстрэлы з зямлі. Назаўсёды застаўся ў памяці Іосіфа Вітальевіча выпадак, калі экіпаж МІ-8, што вывозіў параненых з поля бою, не пакінуў падбіты верталёт (кожны афіцэр меў парашут за спіной), — загінулі ўсе разам. Гэта сапраўдны прыклад мужнасці і таго, што называюць ваенная доблесць.
За плячыма воіна-інтэрнацыяналіста Іосіфа Курыловіча 250 баявых вылетаў, 400 гадзін пілот правёў у паветры. Баявыя дзеянні сталі сапраўдным выпрабаваннем для савецкіх байцоў: высокая тэмпература, экстрымальныя ўмовы, вялікая фізічная і псіхалагічная нагрузка. У 1983 годзе Іосіф Курыловіч вярнуўся з вайны. Медкамісія вынесла суровы вердыкт: лётчыкам яму не быць. Напамінам пра афганскі перыяд жыцця засталіся медаль “За баявыя заслугі”, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета СССР.
— Вайна — гэта заўсёды кроў, пакуты, смерць, бруд, — кажа Іосіф Вітальевіч. — Заўсёды складана ўзгадваць пра яе. Яна змяняе чалавека, з Афганістана я вярнуўся іншым чалавекам, па-іншаму глядзеў на жыццё. Але мяркую, гэтая суровая школа мужнасці, загартоўка спатрэбілася мне ў далейшым.
Цяпер Іосіф Вітальевіч працуе ў ДБУ-26. Напярэдадні 25-й гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана абавязкова сустрэнецца з тымі шаркаўчанамі, хто носіць званне воіна-афганца. Абавязкова патэлефануе сябру Станіславу Раманчуку, з якім служылі разам у Афганістане і які цяпер пражывае ў Паставах. Штосьці ўспомніцца…
Успамінаць тую вайну цяжка, але і не ўспамінаць нельга.
Андрэй БУРЭЦ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *