Жыхаркі аграгарадка Іёды Вікторыя Паўловіч і Гелена Пучынская адзначылі юбілейныя дні нараджэння — жанчынам споўнілася па 90 год.
Нарадзіўшыся незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, яны на сабе адчулі ўвесь цяжар таго ліхалецця, якое на беларускую зямлю прынеслі нямецка-фашысцкія захопнікі. Разам з бацькамі аднаўлялі разбураную вайной гаспадарку, падлеткамі ішлі працаваць, каб зарабіць на кавалак хлеба.
Вікторыя Паўловіч працоўную дзейнасць пачала ў былым калгасе «Камсамолец» у якасці палявода, потым шчыравала ў свінагадоўлі ў сельгаспрадпрыемстве «1-е Мая». Нарадзіла і выхавала пяцёра дзяцей. Сёння на яе грудзях заслужаныя ўзнагароды — ордэн Маці, медалі «За працоўную доблесць», «Ветэран працы».
Гелена Пучынская з 1951 года была малаказборшчыцай. Потым атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Рыжскім тэхналагічным тэхнікуме. Вярнуўшыся пасля вучобы на сваю малую радзіму, працавала швачкай у Шаркаўшчынскім камбінаце бытавога абслугоўвання. Цяпер мала хто ведае, але ў былыя часы ў Іёдах існавала хлебапякарня, дзе Гелена працавала спачатку экспедытарам, потым прадаўцом. З 1978 года і да выхаду на заслужаны адпачынак з’яўлялася прыёмшчыкам заказаў на комплексным прыёмным пункце ў Іёдах. Як і Вікторыя Паўловіч, Гелена Пучынская за сваю працоўную дзейнасць адзначана шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх ганаровае званне «Ударнік камуністычнай працы». І сёння, нягледзячы на паважаны ўзрост, жанчына прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці аграгарадка, наведвае мясцовы касцёл, цікавіцца пытаннямі сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага рэгіёну.
Павіншаваць юбіляраў з адметнай жыццёвай датай завіталі намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі і старшыня раённага Савета ветэранаў Ірына Міхалёнак. Яны ўручылі жанчынам Падзякі кіраўніка раёна, кветкі, салодкія пачастункі, выказалі словы пажаданняў здароўя і даўгалецця.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.