У межах месяца прамысловага турызму, які ў сакавіку праходзіць у краіне, вучні аграрнага класа сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына наведалі прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
— Дзясяцікласнікі хутка скончаць навучальную ўстанову, таму ўжо цяпер трэба вызначыць, якую спецыяльнасць абраць у дарослым жыцці, — сказала класны кіраўнік Ніна Талапіла. — Падчас экскурсій на прадпрыемствы гарадскога пасёлка, у гаспадаркі раёна вучні знаёмяцца з рабочымі працэсамі, кожны для сябе вызначае, якая з прапанаваных прафесій падабаецца больш.
Дырэктар Шаркаўшчынскага ПМС Іван Лазовік агучыў вучням найбольш важную для іх інфармацыю, падкрэсліў значнасць дзейнасці, якой займаюцца меліяратары ў справе вяртання ў севазварот раней непрыгодных зямель.
Вучням было цікава ўласна ўбачыць тэхніку, на якой працуюць меліяратары. Загадчык механічных майстэрняў Аляксей Юшкевіч правёў для юнакоў і дзяўчат экскурсію па тэрыторыі і вытворчых памяшканнях прадпрыемства. Спецыяліст сам пачынаў працу ў арганізацыі экскаватаршчыкам, быў бульдазерыстам, трактарыстам, з лёгкасцю можа кіраваць любой тэхнікай, якая маецца ў меліяратарў.
— Сёння праца на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм з’яўляецца ганаровай, спецыялісты ў гэтай галіне запатрабаваныя, — падкрэсліў Аляксей, — таму з радасцю будзем чакаць кожнага з вас у нашай арганізацыі, якая знаходзіцца на добрым рахунку па сваіх эканамічных паказчыках на абласным і рэспубліканскім узроўнях.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.