Героямі праекта » Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль» стала шматдзетная сям’я Зоі і Віктара Крыўко з вёскі Крыўкі

Общество

У Лужкаўскім сельсавеце знаходзіцца вёска Крыўкі. Сярод нешматлікіх яе жыхароў Зоя і Віктар Крыўко — працавітыя, сціплыя, мудрыя людзі. Ёсць у біяграфіі гэтай сям’і тое, што выклікае асаблівую павагу. Муж і жонка, якія ўжо звыш пяцідзесяці гадоў крочаць па жыцці разам, вырасцілі і выхавалі шасцёра дзяцей. Усе яны ўжо дарослыя, атрымалі вышэйшую адукацыю, вызначыліся ў прафесіі, знайшлі сваё месца ў жыцці.

Калі ўсе разам — падворак шуміць!

— Пальцаў на руцэ не хопіць, каб усіх пералічыць, — з усмешкай адзначае шматдзетная маці Зоя Крыўко, прыгадваючы сваю вялікую сям’ю. — Як збяруцца разам — падворак шуміць! У нас жа 6 дзяцей і 8 унукаў!

Дзеці — самае вялікае багацце і гонар бацькоў. Гаспадыня дома  падкрэслівае: як толькі надаецца магчымасць, дзеці і ўнукі  прыязджаюць у родную вёску. І ля дома дапамогуць парадак навесці, і пачастункаў навязуць.

Побач з дачкой у суседнім доме пражывае маці Зоі, Кацярына Катушонак. Жанчына ўжо ў паважаным узросце, ёй споўнілася 92 гады. Яна таксама шматдзетгная маці, выхавала пяцёра дзяцей, у яе 13 унукаў, 17 праўнукаў. Дзеці і ўсе родныя шчыра і з любоўю клапоцяцца пра яе, падтрымліваюць і аберагаюць ад трывог і хваляванняў.

Усе сыны і дочкі Зоі і Віктара атрымалі добрую адукацыю, вызначыліся з прафесіямі, пайшлі кожны сваёй дарогай. Старэйшая дачка Наталля засталася жыць і працаваць на малой радзіме. Яна — чалавек у нашым раёне добра вядомы, працуе  вядучым спецыялістам па ідэалагічнай рабоце ў КУВСХП «Гарадзец». Ала закончыла Наваполацкі дзяржаўны ўніверсітэт і стала бухгалтарам. Марына і Ірына знайшлі сябе ў педагагічнай сферы. Марына засталася ў Віцебску, працуе настаўніцай біялогіі і рыхтуе дзяцей да паступлення ў ВНУ па сваім прадмеце. Ірына — лагапед у адным з дзіцячых садоў горада Мінска. Малодшыя ў сям’і — двайняты  Вольга і Пётр. Вольга скончыла Магілёўскі тэхналагічны інстытут харчавання і працуе тэхнолагам у ААТ «Смалявічы Бройлер». Адзіны ў сям’і сын Пётр — пажарны-выратавальнік, жыве і працуе ў Наваполацку.

Адна дарога на дваіх 

Зоя і Віктар Крыўкі нарадзіліся і ўсё жыццё пражылі ў вёсцы, сугучнай з іх прозвішчам. Дамы  бацькоў знаходзіліся зусім побач, па суседству. Зоя ў свой час скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, працавала бібліятэкарам у роднай вёсцы. А потым, калі з’явілася вакансія прадаўца ў мясцовым магазіне, перайшла ў сферу спажывецкай кааперацыі. Прадаўцом жанчына адпрацавала звыш 20 год. Заўсёды была ў ліку лепшых работнікаў гандлю. Яе муж Віктар 43 гады адпрацаваў вадзіцелем аўтобуса ў мясцовым саўгасе. Цікавым з’яўляецца той факт, што ў маладосці мужчына служыў у Мурманску, быў матросам, машыністам кацельнай. Бывала і такое, што камандзіроўкі, падчас якіх накіроўваўся ў далёкія плаванні на караблях, доўжыліся па паўгода. Потым Віктара чакаў працяглы водпуск, і хлопец вяртаўся на радзіму. Шчасця за морам не шукаў, звязаў свой лёс з мясцовай дзяўчынай, прыгажуняй Зояй, яна жыла зусім непадалёку ад бацькоў. Калі маладыя пажаніліся, Віктар застаўся працаваць у мясцовай гаспадарцы. І вось ужо 51 год Віктар і Зоя крочаць па жыцці разам, з’яўляючыся прыкладам для ўсіх сваіх дзяцей.

— Раней мы трымалі вялікую гаспадарку, прывучалі да працы сваіх дзяцей, — падзяліўся ўспамінамі гаспадар. — Было па дзве—тры каровы, шмат свіней, авечкі, куры. Садзілі шмат бульбы, мелі вялікі надзел зямлі. Тады і вёска наша была значна большая. У той час чалавек, які не меў гаспадаркі, успрымаўся, як гультай. Кожны жыхар вёскі рупліва працаваў.

— Жыць па прынцыпу: дзень прайшоў і добра — гэта не для нас, — далучылася да размовы гаспадыня. У нас з мужам была вялікая сям’я і вялікая гаспадарка. Патрэбна было думаць пра будучыню сваіх дзяцей, вучыць іх, даць кожнаму магчымасць атрымаць добрую адукацыю.Упэўнена, калі чалавек умее працаваць, ён не прападзе. Гэтаму нас вучылі нашы бацькі, і мы стараліся з маленства прывучаць да працы сваіх дзяцей, а зараз ужо і ўнукаў.

Ганарымся сям’ёй!

— Сям’я Крыўка — шматдзетная і вельмі дружная. Дарослыя дзеці паважаюць і любяць сваіх бацькоў, удзячныя ім за ўсё добрае, што яны атрымалі ў родным доме.

— У дзяцінстве бацькі прасілі мяне прыгледзець за малодшымі, пагуляць з імі. Вядома, не заўсёды мне гэта падабалася, — падзялілася сваімі думкамі Наталля Катушонак, старэйшая дачка ў сям’і. — Але час бяжыць імкліва, мы, дзеці, падраслі, і зразумелі, што  сувязь братоў і сясцёр зараджаецца ў раннім узросце і праходзіць праз усё жыццё. Родныя — гэта галоўнае, што ёсць у кожнага з нас. Гэта апора, тыл, падтрымка, узаемаразуменне. Асабліва востра гэта адчулі ўжо ў дарослым узросце, калі самі стварылі сем’і. Апошнім часам усё больш імкліва паміраюць не толькі вёскі: нас паглынаюць работа, штодзённыя клопаты, часцей за ўсё пустыя, мітусня… І страчваецца нешта важнае, фундаментальнае, магчыма, самае галоўнае… Мы вельмі ганарымся сваёй сям’ёй, бацькамі, якія стварылі моцную сям’ю і больш чым паўстагоддзя пражылі разам, нашай бабуляй Кацярынай, якая ў свае 92 гады можа яшчэ і печ расцепліць, і ў доме прыбрацца. Не варта забываць галоўнае: менавіта родныя дапамогуць, што б у жыцці ні здарылася. Захоўваем сувязь пакаленняў, яна ў нас вельмі моцная, стараемся часцей сустракацца. Нездарма кажуць, што дрэва моцнае каранямі, а чалавек сям’ёй.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара і з сямейнага архіву.