Швачка-закройшчыца Галіна Палюховіч сустракае прафесійнае свята

Общество

На Шаркаўшчынскі камбінат бытавога абслугоўвання, а зараз участак бытавых паслуг УКП ЖКГ, швачка-закройшчыца Галіна Палюховіч прыйшла працаваць у далёкім 1984 годзе пасля заканчэння Віцебскага швейнага вучылішча. З таго часу мінула нямала год, але і сёння справа, якой займаецца жанчына, дапамагае зрабіць жыццё людзей больш зручным і камфортным.

— Напішыце пра нашу закройшчыцу Галіну Палюховіч, — адзначыла начальнік участка бытавых паслуг Вольга Яндульская, калі мы спыталі ў яе, хто заслугоўвае асаблівай увагі напярэдадні прафесійнага свята. — Галіна — адна з «доўгажыхароў» нашага прадпрыемства, сапраўдны прафесіянал, вопытны і адказны работнік, практычна ўсё жыццё жанчына адпрацавала на ўчастку бытавых паслуг і зараз працягвае выконваць вялікі аб’ём работ.   У нас на абслугоўванні не толькі Шаркаўшчына, але і тэрыторыя ўсяго раёна. Прымаем заказы ад насельніцтва на комплексных прыёмных пунктах, што працуюць у аграгарадках, прапануем вясковым жыхарам свае паслугі, у тым ліку і тавары ўласнага пашыву. Найбольшым попытам карыстаюцца жаночыя халаты і сукенкі, пасцельная бялізна, спецвопратка.

На участку УКП ЖКГ у Шаркаўшчыне Галіна Палюховіч аказвае насельніцтву шырокі спектр паслуг. Гэта рэстаўрацыя і рамонт адзення любой складанасці, змяненне фасону, паслугі закройшчыка, індывідуальны пашыў адзення, цюлю, штораў, пасцельнай бялізны, замена кнопак, маланак, бегункоў. Жанчына працуе з рознымі відамі тканіны. Работы хапае заўсёды. Сядзець без справы няма часу, бо на ўчастку выконвае абавязкі і швачкі, і закройшчыцы.

— Нават і не ведаю, кім бы я яшчэ магла стаць, з усмешкай расказала Галіна Палюховіч. —  Шыю таму,  што не магу не шыць. Мне падабаецца ствараць новыя рэчы. Заўсёды ёсць ідэі, якія хочацца ажыццявіць. Здараецца, што ўбачу прыгожую гатовую рэч у магазіне — і хочацца тут жа сесці, паспрабаваць пашыць штосьці падобнае  самой.

Люблю сваю прафесію і калектыў, у якім адпрацавала звыш трыццаці год. Напярэдадні прафесійнага свята, Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, жадаю сваім калегам моцнага здароўя, шчасця, аптымізму, настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэтаў, цярплівасці з кліентамі і пакупнікамі. Усіх жыхароў раёна заклікаю часцей карыстацца паслугамі участка бытавых паслуг УКП ЖКГ. Мы будзем прыкладаць максімум намаганняў, каб задаволіць вашы пажаданні.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.