Душой і сэрцам маладыя залатыя юбіляры Тэрэза Іосіфаўна і Макар Вячаслававіч Шуманы

Актуальное

5 лютага 1964 года ў Лужкаўскім сельскім Савеце дэпутатаў былога Пліскага раёна прайшла ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу Макара Вячаслававіча і Тэрэзы Іосіфаўны Шуман. Імкліва і нябачна праляцела пяцьдзесят год сумеснага жыцця. У вёску Падліпкі, дзе пражываюць залатыя юбіляры, павіншаваць з такой знамянальнай датай у іх жыцці прыехалі старшыня Лужкаўскага сельвыканкама Т. М. Краснадубская і акампаніятар Дворнаўскага сельскага Дома культуры Аляксандр Каснікоўскі. Таццяна Мікалаеўна, як і прынята ў такіх выпадках, уручыла “маладым” юбілейнае пасведчанне ў гонар 50-годдзя сумеснага жыцця, прыпаднесла невялікі падарунак. Візіт гасцей быў нечаканым сюрпрызам для Макара Вячаслававіча і Тэрэзы Іосіфаўны, які загаддзя падрыхтавалі ім суседзі-аднавяскоўцы, каб даставіць радасць юбілярам.
Нічым незвычайным жыццё мужа і жонкі Шуманаў не адрозніваецца ад жыцця іншых жыхароў тутэйшых вёсак. З самага ранняга дзяцінства працавалі на зямлі, дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Тэрэза Іосіфаўна родам з суседняй вёскі Уліна. У маладосці крыху паспела папрацаваць паштальёнам у Лужках. А як выйшла замуж, нарадзіла дзетак, пайшла працаваць у мясцовы калгас “Прагрэс” паляводам, бліжэй да дому. Макар Вячаслававіч нарадзіўся ў Падліпках, пасля школы завочна скончыў Рэчыцкі ветэрынарны тэхнікум, усё сваё жыццё прысвяціў справе лячэння жывёлы ў гаспадарцы і на падворках вяскоўцаў. Не адну падзяку мае заслужаны ветурач за сваю шматгадовую, добрасумленную працу ад кіраўніцтва калгаса. Здзіўляе і прыемна ўражвае тая акалічнасць, што і зараз, знаходзячыся ў такім паважаным узросце, па просьбах вяскоўцаў Макар Вячаслававіч заўсёды дапаможа ў лячэнні свойскай жывёлы. За гэта вопытнага ветэрынара вельмі паважаюць.
Макар Вячаслававіч з Тэрэзай Іосіфаўнай выхавалі траіх дзяцей. Дачка Вольга працуе бухгалтарам у КУВСП “Гарадзец”, сын Генадзій — ляснік, жыве ў Дубоўцы. А самая меншая, Ірына, таксама пражывае недалёка ад бацькоў, у аграгарадку Язна Міёрскага раёна, яна — сацыяльны работнік. Яшчэ Шуманы не маглі не пахваліцца, што маюць пяць унучак, аднаго ўнука і пакуль яшчэ адну праўнучку. “Вось, якая мы багатая сям’я”, — жартуе Макар Вячаслававіч.
Пад пераліўныя наігрышы баяна Аляксандра Каснікоўскага залатыя юбіляры спявалі вясёлыя, жартоўныя песні, нават станцавалі польку, тым самым пацвердзіўшы: нягледзячы на ўзрост, душа і сэрца яшчэ маладыя.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *