Не раз даводзілася трапляць пад абстрэлы душманаў удзельніку баявых дзеянняў у Афганістане Васілію Протасу

Актуальное

Што зараз найбольш важным, галоўным і самым неабходным з’яўляецца для воіна-афганца, звычайнага салдата, які прайшоў гэту вайну? Найперш — узаемападтрымка, узаемадапамога, цесныя сяброўскія зносіны, на якіх і трымаецца брацтва воінаў-інтэрнацыяналістаў. Такі пункт погляду раздзяляе і наш зямляк Васілій Протас — удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане.
У гэту краіну малады салдат трапіў напрыканцы 1983 года. Пасля двухдзённага знаходжання на перасыльным пункце ў Кабуле, накіраваўся на далейшае праходжанне службы ў горад Баграм. Паўгода быў разведчыкам асобнага разведвальнага батальёна. Затым вайсковае камандаванне даручыла Васілію бронетранспарцёр, на ім наш зямляк і служыў ажно да самага “дэмбеля”. Асноўнай задачай была ахова перавалаў, па якіх ажыццяўлялася транспарціроўка савецкай ваеннай тэхнікі, дастаўлялася матэрыяльнае забеспячэнне на патрэбы арміі. На бронетранспарцёры Васілію Протасу, выконваючы спецзаданні, давялося праехаць амаль усю рэспубліку. Нярэдка знаходзіўся пад абстрэлам ворага ў сутычках з душманамі.
Вярнуўшыся дадому пасля дэмабілізацыі напрыканцы 1985 года, маладому хлопцу яшчэ доўгі час бачыліся ў снах ваенная трывога, перастрэлка, твары загінуўшых саслужыўцаў. Не адразу чалавечая псіхіка магла перастроіцца на хуткую адаптацыю ў мірных умовах.
Прайшла чвэрць стагоддзя з дня вываду савецкіх войск з Афганістана — немалы адрэзак часу. Усё меншымі становяцца рады воінаў-інтэрнацыяналістаў: даюць ведаць аб сабе атрыманыя раненні, кантузіі, душэўныя траўмы. Таму зараз, як зазначыў Васілій Протас, вельмі важна для кожнага з іх трымацца ў цеснай узаемасувязі са сваімі саслужыўцамі, з усімі, хто прайшоў афганскае пекла, застаўся жыць і працаваць пад мірным небам.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *