З годнасцю выканаў свой воінскі абавязак ураджэнец Германавіч Пётр Фёдараў

Актуальное

фота з сямейнага архіва

Шмат нашых землякоў прайшлі праз ліхалецце “неаб’яўленай” афганскай вайны 1979-1989 гадоў. Гэта і салдаты тэрміновай службы, і кадравыя ваенныя. Самы непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях на далёкай чужыне прымаў і прапаршчык Пётр Ігнацьевіч Фёдараў, ураджэнец вёскі Германавічы. На вялікі жаль, воіна-інтэрнацыяналіста ўжо няма сярод нас. Лёс распарадзіўся так, што Пётр Ігнацьевіч вярнуўся жывым з далёкага Афганістана, але падарванае там фізічнае і псіхічнае здароўе ў 1995 годзе абарвала яго зямны шлях. Успамінамі пра бацьку з намі падзялілася дачка Пятра Ігнацьевіча — Юлія Хрол:
— Мой тата з’яўляўся кадравым ваенным, служыў у авіяпалку ў літоўскім горадзе Шаўляй. Там жа пражывала і ўся наша сям’я: маці — Людміла Ільінічна, старэйшы брат Аляксей і я. Мне было толькі пяць годзікаў, як тату накіравалі ў Афганістан летам 1985-га. А дзесьці праз год ён даслаў мне невялікае пісьмо, якое сёння я захоўваю як самую дарагую мне святыню. Вось, у прыватнасці, што там было напісана: “Здравствуй, моя милая дочь! Недавно получил от тебя письмо и нарисованную тобой картинку. Смотрю на неё, любуюсь — очень приятно. Узнал, что мама проколола тебе ушки для серёжек. Радуюсь, что моя дочурка становится взрослой красавицей… Крепко обнимаю тебя и сильно люблю! Твой папа.”
Службу тату давялося праходзіць на пасадзе старшага механіка групы абслугоўвання аэрадромаў у горадзе Баграм, — прадаўжае Юлія. — Сярод шматлікіх узнагарод, асабліва дарагой ён лічыў для сябе медаль “За боевые заслуги”. Атрымана яна была за тое, што прапаршчык Пётр Фёдараў своечасова заўважыў механічныя няспраўнасці на самалёце непасрэдна перад яго вылетам, чым выратаваў не толькі дзяржаўную маёмасць, але і чалавечыя жыцці. 17 кастрычніка 1986 года тата вярнуўся дадому. Наша радасць была бязмежнай — яму пашанцавала застацца ўжывых. А ў 1988-ым мы ўсёй сям’ёй пераехалі жыць на радзіму бацькоў, у Шаркаўшчыну. Тата звольніўся ў запас з вайсковай службы, уладкаваўся на грамадзянскую працу. Толькі вось пажыць разам з роднымі у любых сэрцу мясцінах адмерана яму было нядоўга…
Напярэдадні памятнай даты, 25-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана, Юлія пажадала ўсім салдатам, хто з годнасцю выканаў свой воінскі абавязак перад Радзімай у гэтай паўднёвай краіне, трывалага здароўя, асабістага шчасця, доўгіх год жыцця. Подзвігі воінаў-інтэрнацыяналістаў вартыя таго, каб аб іх памяталі нашчадкі!
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *