Усё жыццё прысвяціў працы ў раённым вузле электрычнай сувязі Казімір Кленічаў

Актуальное

Летняя спякота, дождж і слота, зімовыя маразы і завеі, калючыя паўночныя вятры і ўраганы — усе гэтыя прыродныя з’явы адчуваюць на сабе людзі, прафесія якіх звязана з работай пад адкрытым небам. Да прыкладу, праца сельскага сейбіта не залежыць ад умоў надвор’я: прыйшоў сезон і выконвай патрэбныя тэхналагічныя працэсы. А электраманцёры, электрасувязісты? Яны таксама павінны працаваць у любых умовах і, калі патрабуецца, ліквідаваць непаладкі пасля прыродных стыхій. Людзі такіх прафесій самі выбіраюць свае жыццёвыя шляхі, таму ні на што не скардзяцца і, міжволі, загартоўваюць сябе маральна і фізічна. Да такой думкі прыйшла, калі пазнаёмілася з Казімірам Мікалаевічам Кленічавым — работнікам раённага вузла электрычнай сувязі з вёскі Дзікева Германавіцкага сельсавета. Даведалася пра яго жыццёвы шлях, па якім ён прайшоў за гады сумленнай працы аж да пенсійнага ўзросту. І быў у яго гэты шлях няпросты.
Казіміру Кленічаву, вясковаму хлопцу, па заканчэнні мясцовай васьмігодкі, хацелася хутчэй адчуць сябе дарослым, загартаваць фізічна і папрацаваць перад тым, як пайсці ў армію. Такое жаданне было і ў яго бацькоў. А тут якраз знайшлася праца для хлопца па душы. Казімір уладкаваўся памочнікам вясковага кінамеханіка. Затым была армія. Пасля двух гадоў службы вярнуўся ў бацькоўскі дом мужным, сталым хлопцам і праз пэўны час уладкаваўся ў мясцовы тагачасны калгас “Аплот міру” шафёрам. Але Казіміра вабіла ўсё тое, што звязана з электрычнасцю.
Два гады ён адвучыўся ў Полацкім СПТВ сувязі і электрыфікацыі. І ў 1979 годзе быў прыняты на працу электраманцёрам Германавіцкага лінейна-тэхнічнага ўчастка сувязі. Праз пэўны час ён пайшоў вадзіцелем у гэтую ж арганізацыю. Затым Кленічаў быў начальнікам Германавіцкага ЛТУ сувязі. А калі ў 2009 годзе замест участка ўтварылі групу лінейна-тэхнічных збудаванняў электрасувязі і радыёвяшчання, яго прызначылі інжынерам. З гэтай пасады пайшоў на заслужаны адпачынак.
— Наша праца чотка не размяркоўвалася паміж вадзіцелем і чатырма манцёрамі, — прыгадвае Казімір Мікалаевіч. — У нас існавала поўная ўзаемазамяняльнасць. Кожны мог замяніць адзін аднаго пры яго адсутнасці і дапамагчы, калі хтосьці не спраўляўся. Выконвалі запыты абанентаў, развівалі абаненцкую сувязь.
35 гадоў свайго жыцця Казімір Мікалаевіч прысвяціў такім нялёгкім, але вельмі патрэбным работам у раённым вузле электрычнай сувязі.
А яшчэ трэба сказаць, што Казімір  Мікалаевіч разам з жонкай Зояй Фёдараўнай выхавалі чацвёра дзяцей, аддалі ім сваю любоў, пяшчоту і павагу. Два хлопцы і дзве дзяўчыны часта наведваюцца ў бацькоўскі дом (кожны мае свае сем’і), да родных людзей, з якімі заўсёды можна раздзяліць радасці і няўдачы.
Нядаўна Казіміру Мікалаевічу споўнілася 60 гадоў. Цёплыя словы віншавання ён пачуў ад калег па працы, атрымаў Ганаровую грамату ад Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”, а найлепшым падарункам былі ўвага і падзяка ад дзяцей, калі за святочным сталом сабралася ўся вялікая сям’я і кожны віншаваў роднага бацьку і дзядулю.
Кацярына СОСНА.
Фота Андрэя Бурца.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *