«Нам рана жыць успамінамі» такой думкі прытрымліваецца жыхарка вёскі Сталіца Ганна Стома

Великая Победа Общество

Жанчына нядаўна сустрэла свой юбілейны дзень нараджэння. За плячамі Ганны Стома адрэзак жыцця даўжынёй у 90 гадоў.

Нарадзілася яна ў вёсцы Крапіўнікі, што непадалёк ад Германавіч, у шматдзетнай сям’і. Бацькі і маленькія дзеці спаўна зведалі горыч вайны, разам працавалі, каб выжыць.

Ганне пашанцавала набыць адукацыю, скончыць Мінскі гандлёвы тэхнікум. Працавала ў родных мясцінах: спачатку ў Германавічах, а большую частку жыцця ў Вялікім Сяле. Малады мужчына Тадэвуш з вёскі Шышкі ў свой час зрабіў прапанову Ганне рукі і сэрца, на што дзяўчына дала сваю згоду.

Ішлі гады, у сям’і нарадзіліся дзеці — дзве дачкі і сын. Тадэвуш працаваў кавалём у калгасных майстэрнях, а Ганна па-ранейшаму ў сістэме гандлю. На жаль, шчасце ў іх сям’і не было бязвоблачным. 40 гадоў назад Тадэвуша не стала. Ганна ўзнімала на ногі дзетак без мужа. Складаныя жыццёвыя абставіны загартоўвалі характар жанчыны, рабілі яе моцнай. Ганна змагла выхаваць сваіх дзяцей дастойнымі і паважанымі ў грамадстве людзьмі, даць ім адукацыю.

Некалькі гадоў назад дачка Алена забрала маці да сябе ў вёску Сталіца. Узрост усё часцей дае аб сабе ведаць. Але імянінніца яшчэ не жыве ўспамінамі аб мінулым, аб пройдзеным часе. Думкі і мары ў жанчыны аб вясне, аб чарговай сустрэчы са сваімі роднымі. Часта вялікая сям’я, у якой трое дзяцей, пяць унукаў і дзевяць праўнукаў, збіраецца разам. Гэта найвялікшае шчасце надае сталаму чалавеку бадзёрасці і жыццёвага аптымізму.

Прадстаўнікі мясцовай улады скарысталі магчымасць павіншаваць Ганну Стома са знакавай датай у жыцці. Намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі, старшыня раённага Савета ветэранаў Ірына Міхалёнак і старшыня Германавіцкага сельвыканкама Мая Якімовіч уручылі імянінніцы Падзяку кіраўніка раёна, шмат падарункаў, букеты прыгожых кветак, выказалі словы ўдзячнасці за шматгадовую добрасумленную працу на карысць раёна.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.