Медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджаны Мар’ян Антонавіч Перхуровіч

Актуальное

Прыемнай нечаканасцю было для майстра вытворчага навучання кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі Шаркаўшчынска-Міёрскай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Мар’яна Антонавіча Перхуровіча, калі ў абласной газеце “Віцебскія весці” пад рубрыкай “узнагароджанні” заўважыў і сваё прозвішча.
Справа ў тым, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў указ аб уручэнні дзяржаўных узнагарод за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і высокае прафесійнае майстэрства, асабісты ўклад у развіццё беларускай эканомікі і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у розных сферах развіцця. У ліку ўзнагароджаных медалём “За працоўныя заслугі” аказаўся і прадстаўнік нашага раёна Мар’ян Перхуровіч.
Праз пэўны час ён быў запрошаны ў Мінск ў Палац Рэспублікі. Медалі па даручэнні кіраўніка дзяржавы заслужаным людзям краіны ўручаў Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч. Для шаркаўчаніна — чалавека з перыферыі — гэты момант быў вельмі чуллівым і застанецца запамінальным на ўсё жыццё.
Мар’ян Антонавіч мае ў сваёй працоўнай кніжцы адзін запіс: “Прыняты ў “Шаркаўшчынскую аўтамабільную школу” рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання ДТСААФ. 1973 год”. Хоць абрэвіятура арганізацыі змянілася, але нязменнай застаецца для майстра вытворчага навучання праца на працягу ўжо столькіх гадоў. Чалавек неабыякавы і адданы прафесіі, словам і канкрэтным прыкладам вучыць будучых шафёраў вадзіць легкавую аўтамашыну, грузавую з прычэпам, аўтобус. Няцяжка падлічыць, колькі прайшло, як кажуць “праз рукі” спецыяліста людзей, якія цяпер свабодна водзяць аўтамабіль па дарогах не толькі раённых, а і рэспубліканскіх і, магчыма, працуюць на транспарце за яе межамі.
Мар’ян Антонавіч — добры сем’янін. Яны з жонкай Галінай Альфрэдаўнай пабудавали свой дом у райцэнтры, выхавалі двое дзетак. Сын Аляксандр узначальвае Чашніцкі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, дачка Святлана набыла вышэйшую педагагічную адукацыю і працуе ў Шаркаўшчынскім РАУС.
Кацярына СОСНА.
Фота Андрэя БУРЦА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *