Сёлетняя вясна ўносіць карэктывы ў работу аграрыяў. Але вопытныя працаўнікі вёскі даўно прывыклі да капрызаў надвор’я і працуюць ім наперакор.
Такога ж прынцыпу ў сваёй рабоце прытрымліваюцца ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Буеўшчына». Каб пацікавіцца надзённымі справамі вяскоўцаў, мы накіраваліся ў гэту гаспадарку.
З ранку механізатары праглядалі вузлы і агрэгаты ў сваёй тэхніцы. У другой палове дня энерганасычаныя трактары з глебапрацоўчымі агрэгатамі рушылі з механічных майстэрань. Услед за імі накіраваліся і мы. Перад механізатарамі Барысам Бабчонкам, Уладзімірам Падобам і Яўгенам Навічонкам галоўны аграном гаспадаркі Віктар Атрашкевіч паставіў задачу правесці культывацыю глебы на 20-гектарным полі каля вёскі Лакінаўцы.
— Надвор’е зменлівае: цёплыя пагодныя дні, асабліва ў пачатку тыдня, чаргаваліся з дажджамі і холадам, — кажа галоўны тэхнолаг палёў. — Тут вельмі важна скарыстоўваць кожную пагодную хвіліну і накіроўваць тэхніку на тыя ўчасткі палёў, дзе стан глебы дазваляе рухацца тэхніцы. У дадзеным урочышчы пасля культывацыі, якую мехвнізатары праводзяць у два сляды, будзем сеяць авёс.
Як і ў мінулыя гады, лідарам на сяўбе яравых культур з’яўляецца механізатар Аляксандр Парпуціс. І сёлета мужчына не здае сваіх перадавых пазіцый. На свой рахунак Аляксандр запісаў 284 гектары засеяных плошчаў.
Сёлета сяўбу яравых зерневых культур ў сельгаспрадпрыемстве плануюць правесці на плошчы 984 гектары. Аб’ёмы не вельмі вялікія, таму аграрыі ўпэўнены, што пасяўную правядуць у аптымальныя тэрміны.
Па стане на 17 красавіка ў ААТ «Буеўшчына» пасеяна 337 гектараў яравых зерневых культур або 34 працэнты да задання.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
